Яўген Красоўскі
Яўген Яўстафавіч Красоўскі - вядомы беларускі мастак, заслужаны работнік культуры. Яго творчы дыяпазон - гэта тэматычная карціна і пейзаж, партрэт і нацюрморт, гэта шматлікія графічныя работы: афорты i гравюры, літаграфіі i аквацінты, экслібрысы i акварэлі. Яны даюць уяўленне пра мастакоўскія магчымасці Красоўскага. Ён - сапраўдны віртуоз эцюда. Яго творчая энергія адчуваецца літаральна ва ўсім.
Першую старонку гэтага сайта мы вырашылі скласці з радкоў, якія напісалі людзі, што ведалі мастака, сустракаліся з ім, сябравалі, аналізавалі яго творчасць, пісалі артыкулы пра гэта. І вось што прапануем вам.
Яўген Яўстафавіч Красоўскі адзін з мастакоў, якія вызначылі твар беларускага выяўленчага мастацтва ХХ стагоддзя. Па яго жывапісных работах можна чытаць гісторыю краіны, народа… Ёсць мастакі, чые творы паміраюць са смерцю творцы. Творы ж Красоўскага не толькі вытрымалі выпрабаванне часам, але актыўна працуюць на сённяшні дзень. Яны вызначаюцца жывапісным майстэрствам, сакавітым і гучным мазком, непасрэднасцю самых звычайных матываў. Гэта быў сапраўдны мастак. Быў і застаўся.
А.Ойстрах, мастацтвазнаўца
У жыцці, у працы з алоўкам, пэндзлем, мастэхінам Яўген Красоўскі, штодзень наватар і падарожнік, нястомны, страсны… У мастацтве ён быў усюды ад берага да берага: карціны тэматычныя, партрэты, касцюмы і дэкарацыі ў тэатры, іх рэстаўрацыя, пейзажы, нацюрморты, насценны роспіс, мазаіка, афорты, кніжная графіка, бясконцыя, з натуры, замалёўкі, экслібрыс, кераміка. Розныя тэхнікі, школы, кірункі. Рэаліст, імпрэсіяніст, адзін з першых беларускіх постімпрэсіяністаў, ён з карысцю для ўсяго нашага мастацтва браў урокі нават у Дастаеўскага і Кафкі, у Сезана і Маціса, сам, як роўны ім, даваў урокі маладым хоць бы і нацюрмортамі з блакітнымі яблыкамі, чырвонай рыбай...
В.Карамазаў, пісьменнік
Яўгеній Яўстафіевіч не замыкаўся ў сценах майстэрні, а значную частку часу праводзіў у творчых камандзіроўках па рэспубліцы, краіне, за мяжой. Усё ўбачанае, успрынятае, як правіла, было адлюстравана ў работах мастака. Таму такія разнастайныя шматлікія пейзажы Красоўскага. Цяністыя беларускія лясы, няспешная Бярэзіна, новабудоўлі Салігорска, помнікі старадаўнасці Полацка, нечаканая стракатасць вуліц Лондана, зялёны Будапешт, шматлюдны Парыж, дрымотны Стамбул, казачны Талін, руіны грэчаскіх, рымскіх храмаў, ціхая святочнасць загорскіх сабораў, залатыя купалы Маскоўскага Крамля... З кожнай паездкі -- шматлікія замалёўкі, эцюды. Мастак не проста пасіўна адлюстроўваў, а адразу думаў пра кампазіцыю -- пластычную і каларыстычную, шукаў вобразнае вырашэнне. І ў той жа час Яўгеній Яўстафіевіч спяшаўся зрабіць эцюд за адзін сеанс – хацеў захаваць непасрэднасць уражання. Ніколі потым ужо не працаваў над ім -- «каб не сапсаваць».
Э.Арава, мастацтвазнаўца
Асобна трэба адзначыць цікавасць і любоў мастака да вытворчай тэматыкі. У апошнія гады ўся творчая дзейнасць мастака, яго творчыя пошукі звязаны з вялікім калектывам рабочых Мінскага трактарнага завода. Мастаком, які дасканала ведае жыццё завода, створан шэраг карцін, эскізаў, эцюдаў, замалёвак сцэн вытворчасці, партрэтаў перадавікоў… Многа і плённа працуе Я. Красоўскі ў жанры пейзажнага жывапісу і нацюрморта. Ім створана вялікая колькасць пейзажаў, адлюстроўваючых прыроду роднай Беларусі, Крыма, Каўказа, хараство праспектаў і плошчаў цудоўнага Ленінграда, Вільнюса і іншых гарадоў… Мастак Красоўскі працуе ў рознастайнай тэхніцы графікі. Ён, як неспакойны шукальнік скарбаў, прабуе свае творчыя магчымасці ў афорце, гравюры на ліноліуме.
Н. Тарасiкаў, мастак
Гаворачы пра Красоўскага, мы перш за ўсё адзначым, што спакойны, стрыманы настрой яго палотнаў і акварэлей нібыта працягвае жывы дыялог з жывапісцам, хаця фарбы на многіх з іх ужо высахлі. Таму што гэта майстар, уся работа якога падначалена сцвярджэнню актыўнай, аптымістычнай сутнасці ўсяго акаляючага, шчырасці і ўсхваляванасці чалавека, які асвойвае свет. Ці не таму творы Красоўскага нясуць адбітак адкрытай душы іх стваральніка?.. Я. Красоўскі ведае сакрэт незвычайна складанага пленэра, адкрытага яшчэ імпрэсіяністамі, адчувае стан, агульны тон у пейзажы, той няўлоўны валёр, калі варта хаця ў адным мазку дапусціць фальш -- і колер адразу ж становіцца фарбай.
Б.Крэпак, мастацвазнаўца
Красоўскі ўвесь “у людзях”, як рыба ў луске. Сустрэча з ім заўсёды пераўтвараецца ў свята: так вольна, захоплена, заразліва, думаючы ўслых, не падаўляючы суразмоўцу, а далучаючы да сумеснага роздуму, гаворыць ён сам; так радасна ўмее слухаць, так ненавязліва і прыязна - назіраць. Для яго, думаю, наогул няма нецікавых людзей. Ён аднолькава аддаецца размове з хлопчыкам (у свае семдзесят год ён арганізуе конкурсы дзіцячых малюнкаў на асфальце), з заўзятым кнігалюбам (лепшыя з “імянных” экслібрысаў у Беларусі створаны ім), з дырыжорам камернага аркестра, з ткачыхай-пенсіянеркай. Малады здольны жывапісец робіць яшчэ першыя крокі ў мастацтве, а Красоўскі ужо піша яго партрэт і пераконвае сяброў паглядзець і ацаніць яго работы.
В.Круглянскі, журналіст
Наступныя старонкі сайта бліжэй пазнаёмяць вас з жыццём і творчасцю мастака Яўгена Красоўскага.