Італія

Ён хадзіў і маляваў. Пастаянна. Пры любой магчымасці. Што прываблівала мастака? На што ён звяртаў увагу? Што старанна разглядаў? Давайце паспрабуем не толькі адказаць на гэтыя пытанні, але і нібыта зірнуць з-за пляча мастака. У нас ёсць такая магчымасць. У сямейным архіве Красоўскага захоўваюцца фотаздымкі, зробленыя Яўгенам Яўстафавічам у час паездак. І побач з імі - эцюды і замалёўкі, выкананыя ў той час і там жа. А яшчэ - радкі з яго дарожнага дзённіка. І мы быццам чуем нетаропкую гаворку мастака пра першыя ўражанні ад гэтай паездкі. Дык вось, Італія, пачатак шасцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя.

“Звычайна ў Біскайскім заліве бываюць страшэнныя штормы, і пасажыры нашага невялікага цеплахода да гэтага падрыхтаваліся, але нашыя жахі не спраўдзіліся, і мы пяць дзён плылі ў Італію пры добрым надвор’і, загаралі, разваліўшыся ў плеценых крэслах, дыхаючы марскім паветрам”.

“Па прыбыцці ў Неапаль мы адразу звярнулі ўвагу на вядомы вулкан Везувій, які пры вывяржэнні пахаваў г.Пампеі з насельніцтвам 25 тыс. у 1870 г. Ён добра быў бачны на гарызонце мора”.

“На прыстані, як заўсёды, нас чакалі аўтобусы, якія мы паспяшаліся заняць. Праязджаючы па галоўнай вуліцы, мы ўбачылі вузкія вулачкі, што выходзілі на галоўную вуліцу, яны былі завешаны бялізнай на доўгіх жэрдках, перакінутых праз вуліцу з аднаго балкона на другі шматпавярховага дома, і гэта ўяўляла цікавую карціну”. 

Рым. Плошча  Iспанія. 1961. К.а. 18х25

“Нашым гідам у Рыме аказалася дачка вядомага рускага мастака-графіка Кацярына Уладзіміраўна Фалілеева. Калі яна даведалася, што ў нашым аўтобусе знаходзяцца мастакі, яна вельмі ўзрадвалася і пазней надавала нам вялікую ўвагу, імкнучыся як мага болей расказаць  пра Рым, у гэтым нам пашанцавала. У першы дзень пасля засялення ў гасцініцу “Бернес”, што была непадалёку ад вакзала, мы аўтобусам паехалі аглядаць горад. Праехалі плошчу Іспанія з вядомай лесвіцай (па італьянскіх фільмах)”.

“Мы таксама пабылі ў саборы св. Пятра, які знаходзіцца побач з Ватыканам, сабор прыгожы і манументальны, купал у ім пабудаваны па праекце Мікеланджэла. Пачаў будавацца ў 1506 г. Скончана будаўніцтва ў 1626 г. Вышыня сабора 132 м, дыяметр купала 42 м, шырыня сабора 137 м, даўжыня 186 м. Гэтыя дадзеныя нам паведаміла Фалілеева. У гэтым жа саборы знаходзіцца скульптурная група Мікеланджэла “Смутак” (Пьета)”.

“Рым - горад шумны, па вуліцах праходзіць шмат аўтамашын, у асаблівасці малалітражных фіятаў, сярод прахожых часта сустракаюцца духаўнікі - розныя манахіні і манахі, у розных вопратках. Гэта не дзіўна, бо ў Рыме знаходзіцца самастойная дзяржава Ватыкан, куды прыязджае шмат камандзіраваных па справах рэлігіі”.

“Назаўтра зранку мы накіраваліся аглядаць раскопкі Пампея, па дарозе наш аўтобус спыніўся ля аркі, аказваецца, шафёр павінен аплаціць за праезд па дарозе 500 лір, таму што ад аркі пачынаецца прыватная дарога, і пасля гэтага мы атрымалі дазвол ехаць. Трэба аддаць належнае, што дарога добра асфальтаваная, шырокая, засаджана пальмамі, па такой дарозе можна без рызыкі развіваць вялікую хуткасць. Прыехаўшы на разваліны Пампея, мы пачалі аглядаць вуліцы і музеі, што размешчаны на тэрыторыі горада, які  знаходзіўся нібыта ля падножжа вулкана Везувій. 

“На наступны дзень мы наведалі музеі Ватыкана, папярэдне аплаціўшы па 300 лір. Ля ўвахода стаяла ахова, апранутая ў сярэдневяковыя касцюмы, пашытыя па эскізах Рафаэля. Касцюмы яркія: чырвоныя, сінія, жоўтыя колеры. І мы, вядома, іх абстрэльвалі сваімі фотаапаратамі. У Ватыкане шмат твораў Мікеланджэла, Рафаэля, роспісы Сіксцінскай капэлы, творы Леанарда да Вінчы, а таксама вялікі збор заходнееўрапейскага жывапісу ХIУ -ХУII стагоддзяў. І шмат шэдэўраў скульптуры”.

 Рым. Егіпецкі абеліск. 1961. К.а. 17х25

Порт Неапаля. 1961. К.а. 16х24

“З Пампея наш аўтобус накіраваўся ў Сарэнта, адтуль цеплаходам нас даставілі на  востраў Капры. Тут мы пераселі на невялікія кацеры, якія накіраваліся да блакітнага грота. Ля грота пераселі ў лодкі па 4 чалавекі, і лодачнікі праз невялікую адтуліну правялі лодкі ў блакітны грот. У гроце плавала дзяўчына, якая стварала вобраз русалкі, відаць, спецыяльна для турыстаў. Вада ў гроце празрыстая і блакітная, быццам знізу падсвечана пражэктарамі. Вярнуўшыся назад на Капры, мы падняліся па фунікулёры туды, дзе змяшчалася невялікае насельніцтва Капры. Вуліцы вузкія, але шмат магазінаў і людзей, што прагульваліся тут. Сапраўдны курорт, дамы пабудаваны так, што даводзіцца здзіўляцца, як яны трымаюцца на скалах і не валяцца ўніз. Там жа пабудаваны і дамок, у якім жыў Максім Горкі. Дамок добра даглядаюць”. 

Фларэнцыя. Мост цераз реку Арно. 1961. К.а. 16х23 

“Наш аўтобыс спыніўся ла палаца неапалітанскага караля, мы агледзелі нацыянальную галерэю, у якой добры збор жывапісу ХУII-ХIХ стагоддзяў: Дамініка Марэлі прадстаўлены многімі работамі і эцюдамі, Паола Мічэнці - вялікай серыяй работ 1929 г., Балдані - жанравымі работамі, у тым ліку “Газетчык”, Фартуні - “Паляўнічы”, Пратэль - невялікімі эцюдамі. На верхнім паверсе палаца - два цудоўныя партрэты Гойі - Карла IУ і М.Тэрэзы, Ван Дэйка “Раскрыжаванне”, Веласкеса “Бахус” (копія), Рыбейра, зала Карачыа, малюнкі Мікеланджэла, Рафаэля, Тыцыяна, Брэйгеля і іншыя творы мастацтва Вялікіх майстроў, у гэтым жа музеі знаходзяцца кардоны да роспісаў Мікеланджэла і Рафаэля”.

Фларэнцыя. Рака Арно. 1961. К.а. 16х23

“На гэтым наша знаходжанне ў Італіі скончылася. І наш цеплаход накіраваўся па намечаным маршруце ў Грэцыю”.