Уладзімір Бойка
Слова аб старэйшым сябру
Яўген Яўстафавіч Красоўскі - стары мінчук. Некалі, у славутыя дваццатыя гады, ён працаваў тут у тэатры - пісаў дэкарацыі. А сёння наша ўяўленне пра мастацкае жыццё Мінска будзе няпоўным без ведаў пра творчасць Я.Красоўскага.
Ён належыць да тых мастакоў, што пастаянна рухаюцца наперад, ставяць перад сабой новыя задачы, эксперыментуюць. У яго майстэрні амаль штодня - новыя работы.
Працуе Красоўскі шмат. Не пакладаючы рук. Штогод здзяйсняе паездкі па краіне і за яе межы. І кожны раз з падарожжаў прывозіць не адзін альбом замалёвак, акварэлей, серыі твораў на самыя розныя тэмы. Жывыя ўражанні ад рэчаіснасці ужо ў паездках знаходзяць цікавае вобразнае ўвасабленне. А колькі матэрыяла для работы дае кожная паездка. Створаны па матэрыялах падарожжаў серыі афортаў, што занатавалі хвалюючыя старонкі жыцця Ленінграда; акварэлі, у якіх мы бачым Крым, але не тыя пейзажы, што мы прызвычаіліся назіраць у мастакоў, якія былі на адпачынку, а зусім нечаканыя матывы. Каб іх знайсці і ўбачыць, трэба праехаць і прайсці не адзін дзесятак кіламетраў. А дзесяткі кіламетраў складаюцца ў сотні дарог, пройдзеных з эцюднікам ці альбомам…
Аднойчы мастак склаў асобную экспазіцыю толькі з нацюрмортаў. І якая гэты была змястоўная выстаўка, якія розныя бакі жыцця нашага сучасніка раскрывала!.. Са створаных Я.Красоўскім серый работ можна назваць англійскія замалёўкі, цыкл жывапісных работ, што з’явіліся ў час паездкі па краінах Еўропы. Яго маленькія жывапісныя пейзажы настолькі выразныя, столь востра і ярка напісаны, столь хвалююча перадаюць непаўторнасць першага ўражання, што іх з асаблівым замілаваннем бачыш і ў экспазіцыях вялікіх выстаў, і ў майстэрні мастака.
Пра Мінск і Беларусь яшчэ адна серыя работ Я.Красоўскага. І праца над гэтай серыяй ніколі не спыняецца. Ён паспявае пабыць і ў цэхах сучаснага прамысловага гіганта, працуючы над вялікай карцінай, і знайсці час для таго, каб захаваць нечаканы ракурс нейкага не аднойчы маляванага помніка архітэктуры, каб пашырыць уяўленне пра тое, што, здавалася б, добра вядома.
Эксперыменты Красоўскага не кідаюцца ў вочы - яны ж не на паверхні яго работ, якія з выгляду лёгка прынять за “традыцыйныя”, а ў глыбінях творчай свядомасці. Прыгадваючы мноства яго жывапісных работ, пераконваешся ў тым, што ім уласціва сваеасаблівыя адносіны да колера. Ад уважлівага позірка наўрад ці схаваецца тая абставіна, што Красоўскім створана свая, індывідуальная культура жывапісу. Мастак пастаянна сярод людзей. Ведаючы, што ён кожны дзень працуе ў майстэрні, нельга не здзівіцца, з якой колькасцю людзей ён паспявае сустракацца. І амаль ад кожнай сустрэчы застаецца след у творчасці - жывапісны партрэт суразмоўцы, партрэтны накід, замацаваны потым у тэхніцы афорта, экслібрыс. Ва ўсім, што сказана вышэй, лёгка было пераканацца, наведаўшы выстаўку работ Яўгена Яўстафавіча Красоўскага ў Палацы мастацтва, прысвечаную 50-годдзю творчага шляха. Экспазіцыя мела і элементы рэтраспектывы, што дало магчымасць заўважыць перамены ў яго творчасці - і ў самім жывапісу, і ў дачыненні да кампазіцыі, да задумы. Пераважалі на гэтай выставе новыя работы. І большасць з іх гаворыць пра чалавека неспакойнай душы, актыўных адносін да света.
У поле зрока яго як мастака трапляюць і беларуская ткачыха, і англійскі пісьменнік, і малады калега-мастак ( якога гледачы яшчэ мала ведаюць, а Красоўскі ўжо піша яго партрэт), і пейзажы роднай рэспублікі, роднага горада, і нацюрморты…
Прынята казаць: мяняецца свет - мяняецца і мастак. І гэта справядліва. Аднак нельга забываць: застаюцца асноўныя прынцыпы, якія грунтуюць падмурак яго мастацкай асобы. У Красоўскага такія прынцыпы ёсць. Яны палягаюць у глыбокім разуменні задач рэалістычнага мастацтва.
Нельга не сказаць яшчэ пра адзін бок актыўнай творчай натуры Я.Красоўскага. Ён змог ставарыць арыгінальную кнігу пра выдатнага мастака Міколу Тарасікава. Менавіта ставарыць, хаця сам у гэту кнігу напісаў мала. Затое ён надхніў многіх напісаць успаміны пра свайго сябра, якія асвятляюць пэўныя моманты гісторыі мастацтва нашай рэспублікі, звязаныя не только з асобай Міколы Тарасікава. Тым большая каштоўнасць гэтай кнігі. Без энергіі Красоўскага наўрад ці з’явіліся б успаміны Рыгора Філіпоўскага пра першыя крокі мастацтва нашай рэспублікі - невялікія, але ёмістыя сведчанні відавічца таго мастацкага жыцця. Надрукаваныя ў газеце, яны трапілі ў поле зроку аўтараў сур’ёзных прац па гісторыі нашага мастацтва. Вось які ён неўтаймаваны і рознабаковы творца - гэты чалавек - Яўген Яўстафавіч Красоўскі.
Назваўшы гэтыя нататкі “Слова пра старэйшага сябра”, аўтар меў на ўвазе не столькі сябе, колькі многіх яго калег па творчаму цэху, якія па праву могуць назваць Я.Красоўскага старэйшым сябрам. Шчырым, патрабавальным. Такім, якім і павінен быць сапраўдны сябра.
Уладзімір Бойка.
Газета “Вячэрні Мiнск”. 14 снежня 1978 г.