Барыс Крэпак
Падзяліся прыгажосцю з кожным
Варта падняцца на дзевяты паверх новага сучаснага будынка па вуліцы Сурганава, і вы трапіце ў свет прыгажосці. Перад вамі -- залітая сонцам зямля, блакітнае неба, крымскія горы, подых розных гарадоў і краін, музычныя акорды манатыпій і пастэлей... І ў душу пранікае радасць: якое прыгожае жыццё, колькі ў ім хараства! Гэтую радасць зведваеш, калі знаёмішся з мастацтвам заслужанага работніка культуры БССР Яўгена Красоўскага, тонкага жывапісца, цікавага субяседніка.
Гаворачы пра Красоўскага, мы перш за ўсё адзначым, што спакойны, стрыманы настрой яго палотнаў і акварэлей нібыта працягвае жывы дыялог з жывапісцам, хаця фарбы на многіх з іх ужо высахлі. Таму што гэта майстар, уся работа якога падначалена сцвярджэнню актыўнай, аптымістычнай сутнасці ўсяго акаляючага, шчырасці і ўсхваляванасці чалавека, які асвойвае свет. Ці не таму творы Красоўскага нясуць адбітак адкрытай душы іх стваральніка? Ці не таму мастак пастаянна імкнецца да людзей, да новых мясцін, да разнастайнасці жанраў і відаў творчасці?
Беларусь, Прыбалтыка, Крым, Масква, Ленінград, Італія, Францыя, Англія, Грэцыя, Румынія, Венгрыя, Чэхаславакія -- вось геаграфія яго твораў. Рабочыя, даяркі, майстры культуры, спартсмены, студэнты, інжынеры, салдаты -- яго героі. Пейзаж, карціна, партрэт, нацюрморт, экслібрыс, афорт, манатыпія, акварэль, тэмпера -- жанры і тэхнікі яго творчасці. Рытм працоўных будняў, паэзія прыроды, фарбы зямлі беларускай.. Шырыня творчага дыяпазону спалучаецца з цэласнасцю мастакоўскага бачання, яго духоўнай накіраванасцю.
«Майстэрства мастака, -- гаворыць Красоўскі, -- не толькі ва ўменні паказваць, але ў першую чаргу ў валоданні пэўным душэўным ладам, эмацыянальнай усхваляванасці, пэўнай накіраванасці мастацтва. Мастаку можна дараваць няўдачу, але нельга дараваць унутранага раўнадушша, абыякавасці да сваёй справы. Мастацтва павінны рабіць людзі з чыстай душой - усялякія камерцыйныя задачы ніколі не былі і не будуць сапраўднымі клопатамі мастацтва. “Не мне належыць параўнанне, што жывапіс бліжэй за ўсё да музыкі і да паэзіі. І не здарма свой новы цыкл манатыпій, цыкл складаны, цыкл глыбока асацыятыўны, мастак назваў “Каляровая музыка”, таму што гэтыя творы трэба глядзець у музычным суправаджэнні.
«Жывапіс, на мой погляд, -- разважае Красоўскі, -- гэта не сачыніцельства і не фантазіраванне. Гэта строга натурны, навукова дакладны аналіз, жывапіс фіксуе душэўныя зрухі душы мастака, ён сейсмаграфічна дакладна ўлоўлівае ваганні думкі. Жывапісец жыве ў часе, ён кандэнсуе ў сабе час”. Радасць адкрыцця жывой прыгажосці свету, якая загаварыла мовай чалавечых пачуццяў, светлы паэтычны настрой мы бачым у новым цыкле невялікіх акварэлей «Місхор». Гэтыя акварэлі напісаны пэндзлем чыстым, празрыстым, звонкім. Яны добра прадуманы і нясуць у сабе закончаную пластычную яснасць. Тут адчуваецца імкненне майстра выкарыстаць усё ўбачанае і знойдзенае для перадачы таго вечнага, што называецца прыгажосцю звычайнага.
Цікава, што нават яго паездкі па Саюзе і ў зарубежныя краіны не прыводзяць да паказу экзотыкі – мяняецца рытм, каларыт, мазок, але застаецца шчырасць, сціплая пазіцыя абранага матыву. Умець убачыць “неба ў чашачцы кветкі”, умець прымусіць задумацца -- вялікае майстэрства. Калі Красоўскі пісаў свой «місхорскі» цыкл, ён наўрад ці думаў пра той падтэкст, што праступае ў ім, як праступае ззяючыя белізна таршона скрозь празрысты пласт фарбаў. Аўтар аддаваўся свайму захапленню з усёй непасрэднасцю, шчырасцю.
…Пералівісты, зменлівы колер кладзецца на паперу лёгка, прыгожа, на вачах ператвараючыся ў неба, мора, горы, дрэвы. Рухі пэндзля дакладныя, любоўныя. Фарба нібы сама сабой, расплываючыся, напаўняецца “адценнямі, то замаруджваючы, то паскараючы свой свабодны бег, стварае пейзаж.
Мастак піша па папярэдне змочанай паперы, імкнучыся закончыць работу за той кароті час, пакуль яна не высахне. Цякучасць фарбы ўпадабляецца цякучасці часу. За лічаныя хвіліны трэба паспець выказацца. Дапаўненні, папраўкі немагчымы. Рукой кіруюць ужо не розум, а інтуіцыя і вопыт. Без поўнай захопленасці матывам, без поўнай канцэнтрацыі сіл і волі ўдачы не дасягнуць. Толькі павялічыш колькасць “рабочага смецця”. Потым у майстэрні, а не на натуры на яго аснове можна напісаць новыя акварэлі. Але ім будзе крыху не хапаць той каштоўнай непасрэднасці, таго няўзноўленага трымцення, якімі ўзнагароджвае толькі першае зачараванне.
Я. Красоўскі ведае сакрэт незвычайна складанага пленэра, адкрытага яшчэ імпрэсіяністамі, адчувае стан, агульны тон у пейзажы, той няўлоўны валёр, калі варта хаця ў адным мазку дапусціць фальш -- і колер адразу ж становіцца фарбай.
Лепшыя акварэлі мастака -- гэта парадаксальным чынам спыненыя моманты, якія не страцілі руху, зменлівасці, вібрацыі, жыцця. У іх свежасць, чысціня, паветра, перамога святла, перламутравая пераліўчатасць туману. Ёсць у такіх работах нешта такое, што спрыяе перажыць кроўную блізкасць да роднай зямлі.
Ці не такія простыя і любыя карціны, непрыкметна для нас саміх зберажоныя сэрцам, нараджаюць трывалыя сувязі, падобныя карэнням, якія жывяць паняцці «мой край», «радзіма», «мая Беларусь»...
Нацюрморты... Іх у майстэрні Красоўскага шмат. Не адзін год свайго творчага жыцця ён аддаў гэтаму жанру. «Нацюрморт -- гэта не толькі адлюстраванне прадметаў. У нацюрморце выяўляюцца адносіны мастака да прыгажосці, створанай прыродай і рукамі чалавека. Нацюрморт можа гаварыць з гледачом мовай радасці, можа быць напоўнены ўсімі колерамі настрою. Ён можа данесці глыбокі роздум аб жыцці, аб прыродзе, аб зямлі, на якой жыве і працуе чалавек. Работа над нацюрмортам дае мастаку вялікае задавальненне і прыносіць карысць, таму што многія творчыя задачы вырашаюцца ў працэсе работы над ім: задачы колеру, пластыкі, кампазіцыі», -- гаворыць Я. Красоўскі.
Ёсць адно пытанне, якое Яўген Яўстафавіч задае сабе пастаянна: што ёсць мастацтва? Мастак стварае вялікія кампазіцыі на сюжэты -- «мастак і рэвалюцыя», «мастак і спорт», «мастак і вытворчасць», «мастак і мадэль». Гэтыя творы, відаць, і даюць адказ на такое пытанне.
Мастак аб'ездзіў шмат краін і гарадоў. Але галоўнае не ў кіламетражы пройдзеных ім дарог. Галоўнае -- у глыбокім пранікненні ў сутнасць прыроды, у пастаянным пошуку новых сродкаў адлюстравання, новых адчуванняў. У гэтым магічная сіла лепшых твораў Красоўскага, вялікага працаўніка мастацтва.
Барыс Крэпак,
з артыкула ў газеце “Літаратура і мастацтва”, рубрыка “Мастак і жыццё”. 1978 г.