Эмiлiя Арава

Яўгеній Яўстафіевіч Красоўскі -- беларускі савецкі мастак, заслужаны работнік культуры БССР. Гэта быў майстар жывапісу, які разумеў яго сутнасць і стварыў нямала сапраўдных твораў мастацтва.

Шырокі творчы дыяпазон мастака. Ён плённа працаваў у галіне сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта, станковай графiкі і экслібрыса.За 50 гадоў мастацкай дзейнасці Красоўскі стварыў больш за тысячу твораў. Многія з іх экспанаваліся на шматлікіх рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выстаўках. Але важна, безумоўна, не тое, колькі прац у майстра, а тое, што нясуць і даюць яны людзям. Творы Красоўскага - поўныя прыгажосці. Напісаныя абагульнена, без другарадных дэталей, хуткім рашучым почыркам, пераканаўча, моцна скампанаваныя, насычавыя паветрам, света-каляровымі рэфлексамі, унутранай дынамікай, яны гавораць аб паслядоўнасці і цэласнасці вобразаў… 

«Мастак працуе арганічна і непасрэдна на аснове сваіх уражанняў, поглядаў,-- гаварыў Яўгеній Яўстафіевіч.-- Вядома, вопыт, веды, майстэрства набываюцца, але штосьці галоўнае -- пазіцыя, ці што,-- мяняецца рэдка. І характар застаецца мастакоўскі».

Амаль усё свядомае жыццё мастака звязана з Беларуссю. Бацька яго быў родам з Гомельшчыны, маці -- з Мінска. Бацька працаваў паштова-тэлеграфным работнікам, таму сям'і Красоўскага часта прыходзілася пераязджаць з месца на месца.

Нарадзіўся Я. Я. Красоўскі ў Баку 19 лістапада 1908 г. Бурныя рэвалюцыйныя падзеі ў гэтым горадзе, маўклівая журба маці пасля пахавання бацькі, доўгі шлях праз ахопленую грамадзянскай вайной краіну надоўга запамяталіся Яўгенію Яўстафіевічу.

У 1922 г. Красоўскі пераязджае ў Мінск. Навокал разруха, голад. У гэтых суровых умовах у рэспубліцы, як і ва ўсёй краіне, будуецца новае жыццё. Важным культурным цэнтрам становіцца  першы ў Беларусі дзяржаўны тэатр, названы затым БДТ-І, дзе ў 1924 г. 16-гадовы Красоўскі пачынае працаваць дэкаратарам. Тэатр сабраў многіх праслаўленых затым майстроў беларускага мастацтва. Красоўскі ў гэты час знаёміцца з народным беларускім мастацтвам, вучыцца ў мастакоў тэатра -- А. Марыкса, рознабаковага майстра з глыбокімі прафесійнымі ведамі, К. Ціханава -- вучня К. Каровіна, А. Грубэ -- аднаго з вядучых майстроў беларускай скульптуры 30--40-х гг.Тэатр жыў напружана, творча, актыўна. Летам, калі трупа выязджала з Мінска, тут гастралявалі маскоўскія калектывы. Красоўскаму даводзілася рэстаўрыраваць дэкарацыі, нярэдка выкананыя вядомымі майстрамі, назіраць пошукі новага, розныя, часам самыя нечаканыя рашэнні, пастаноўкі. А. Галавін, У. Меерхольд, А. Тышлер захаплялі пераканаўчай выразнасцю майстэрства, выклікалі імкненне самому ўмець, ведаць.

Жыццё было напоўнена працай, вучобай. Я. Красоўскі наведвае рабфакаўскую студыю К.Ціханава, майстэрню Я. Кругера, дзе шырока адукаваны мастак даваў урокі жывапісу, кампазіцыі, малюнка. Імкнучыся набыць глыбокія сістэматычныя веды, Красоўскі ў 1927 г. паступае ў Віцебскі мастацкі тэхнікум, які ў той час быў адзінай мастацкай установай рэспублікі і з'яўляўся школай рэалістычнага мастацтва для многіх беларускіх мастакоў. Выкладалі там выпускнікі Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Як успамінаў Яўгеній Яўстафіевіч, амаль усе яны, надзвычай патрабавальныя і строгія, давалі навучэнцам значна больш, чым было прадугледжана праграмай. Займаўся Красоўскі ў Ф. А. Фогта, В.М. Руцая, М. Г. Эндэ, У. Я. Хрусталёва, Д. І. Камарова. Асабліва запомніўся В. М. Руцай. Кожная канкрэтная пастаноўка ў яго заўсёды несла штосьці нечаканае, новае, прымушала ўбачыць прыгажосць у самых звычайных рэчах. Руцай не толькі развіваў у навучэнцаў бачанне, але і дапамагаў ім знайсці асэнсаванае, выразнае вырашэнне, раіў, тактоўна ўказваў на памылкі, маляваў побач з імі, прывучаючы кожнага працаваць у поўную меру сіл.

«Часцей за ўсё ў юнацтве працуеш усляпую, і можна затраціць шмат часу, пакуль пачнеш рабіць не на адчуванні, а ўсвядомлена. Таму вельмі важна,-- успамінаў Красоўскі,-- калі ў гады вучобы побач вопытны, добразычлівы выкладчык. Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала».

Радасць дастаўлялі будучаму мастаку сустрэчы з Ф. А. Фогтам, які развіваў у навучэнцаў любоў да графікі і малюнка. Дарэчы, менавіта Ф. Фогт і наладзіў па-сапраўднаму работу графічнага аддзялення.

Цёпла ўспамінаў Яўгеній Яўстафіевіч выкладчыка Д. І.Камарова -- чалавека сціпла-га, неверагодна прывабнага па характару і прафесійнаму майстэрству. Вельмі многаму вучыліся будучыя мастакі адзін у аднаго. Разам з Яўгеніем Яўстафіевічам займаліся М. Л. Тарасiкаў, А. П. Мазалёў, І. А. Давідовіч і іншыя вядомыя жывапісцы.

Паездкі, выстаўкі, спрэчкі, пошукі новага, адчувальная радасць работы -- такімі запомніліся гады, праведзеныя ў тэхнікуме. У 1930 г. Красоўскі заканчвае тэхнікум і выкладае малюнак і чарчэнне ў школах Мінска, становіцца членам узнікшай у 1929 г. мастакоўскай групіроўкі - РАМБ (Рэвалюцыйнае аб'яднанне мастакоў Беларусі), удзельнічае ў выстаўках. РАМБ горача ўзялося за тэмы сацыялістычнага будаўніцтва, справядліва асуджала эстэцтва і стылізатарства, прыкметы старадаўнасці і патрыярхальшчыну ў мастацтве. Менавіта гэта прыцягнула ў РАМБ многіх мастакоў -- І.О.Ахрэмчыка, П. Н. Гаўрыленку, А. В. Грубэ, А. М. Бразера і іншых.

У пачатку 30-х гг. з'явіліся палотны Я. Красоўскага аб новай вёсцы -- «Дажынаюць»,«Выхад на работу» (1931), напоўненыя жывым пачуццём часу. Яны з поспехам экспанаваліся на ІУ Усесаюзнай выстаўцы. На жаль, карціны, створаныя Красоўскім у той час, загінулі. Аднак, знаёмячыся з каталогамі, рэцэнзіямі тых гадоў, можна ўявіць, што да гэтага часу склаліся інтарэсы і прыхільнасці мастака, у рэчышчы якіх у далейшым развівалася ўся яго творчасць: разуменне таго, што мастацтва павінна быць рэалістычным, ісці ад жыцця, захопленасць народнай творчасцю, цікавасць да спадчыны, строгасць да пытанняў прафесійнага майстэрства.

У 1936 г. Яўгеній Яўстафіевіч паступае ў Кіеўскі мастацкі інстытут, але доўга вучыцца там не прыйшлося. І праз год у сувязі з матэрыяльнымі цяжкасцямі мастак пакідае вучобу, зноў вяртаецца ў Мінск і займаецца плённай творчай працай.

У час Вялікай Айчыннай вайны Красоўскі знаходзіўся спачатку ў Новасібірску, потым -- у Маскве. Мастак востра адчуваў сэнс захаванага з даўніх часоў звычаю: пакідаючы ў ліхую гадзіну родныя мясціны, браў з сабою жменьку зямлі, каб напамінала бацькаўшчыну, сагравала цеплынёй успамінаў і надзей, надавала сіл выстаяць і перамагчы ліхалецце. Усё гэта і выказаў ён у рабоце «Зямля» (1943), якая ў 1944 г. экспанавалася ў Маскве на выстаўцы, прысвечанай 25-годдзю Беларускай ССР. У творы мастак перадаў боль, гнеў, трывогу і сілу народа, яго суровую гатоўнасць да супраціўлення. Мужнасць савецкіх людзей у суровыя гады вайны паказана і ў такіх палотнах, як «Заложнікі», «Салют герою», «Вызваленне з рабства» (1943--1947).

Яўгеній Яўстафіевіч рана здабыў прафесійную сталасць. Гады ўпартай працы і прыродная здольнасць дапамаглі яму ў першыя пасляваенныя гады выйсці ў шэраг вядомых беларускіх мастакоў. У большасці тэматычных карцін Красоўскі імкнуўся пазбегнуць шматпланавасці, пакідаючы на палатне толькі тое, што дапамагае раскрыццю асноўнай думкі.

Стрыманыя позы, жэсты герояў у карціне «Перад штурмам» (1967), сканцэнтраванасць твараў, холад блакітнашэрага каларыту, усплёскі чырвонага ўносяць неспакой, перадаюць стан напружанасці, гатоўнасці да дзеяння. Індывідуальнасць вобразаў, канкрэтнасць месца робяць знаёмымі, блізкімі гістарычныя паняцці: «Штурм Зімняга», «Салдат 17-га года», «Кастрычнік», «Аўрора», якім мастак прысвяціў свае творы. Калі Красоўскі звяртаўся да тэм мінулага -- «У штабе рэўваенсавета Заходняга фронту» (1945), «Міцкевіч у Гурзуфе» (1956), «Кастусь Каліноўскі» (1961),-- ён выбіраў звычайна моманты, поўныя псіхалагічнага напружання, унутранай дынамікі і знешняй прастаты…

Цеплынёй сагрэты і нешматлікія, напісаныя ў канцы 40-х і ў 50-я гг. творы Красоўскага на бытавыя тэмы. Яны сведчаць пра асваенне спадчыны перасоўнікаў («Бабулька з унукам» (1947), «Смутак» (1953), «Ля карціны «Няроўны шлюб» (1956). Пасля абпаленых вайной гадоў карціны мірнага жыцця прыцягвалі і  мастакоў, і гледачоў. Але творы гэтыя не характэрныя для Красоўскага, хаця ў іх адчуваецца шчырасць, яны заўсёды апавядальныя, напоўнены прадуманымі дэталямі. Тыповае для Яўгенія Яўстафіевіча іншае.

Пачынаючы з першай самастойнай работы -- дыплома «Фабрыка акуляраў», Красоўскі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў стварыў мноства твораў, якія раскрываюць магутнасць і прыгажосць працы. «Тонкасуконны камбінат» (1948), «Выплаўка сталі» (1957) -- як бы этапы развіцця гэтай тэмы. Ва ўсіх работах Красоўскага захоўваецца тое, што ўласціва яму як мастаку,-- высокая культура жывапіснага вырашэння.

«Пошукі,-- запэўніваў Красоўскі,-- павінны быць накіраваны на карысць галоўнага -- праўдзівага адлюстравання жыцця. Час, затрачаны на эксперыменты, не заўсёды дае добрыя вынікі, але ніколі не бывае бескарысным. Паступова прыходзіць уменне перадаваць свае думкі пераканаўча і проста».

Асаблівае месца ў творчасці Яўгенія Яўстафіевіча займае Мінскі трактарны завод. Рабочыя не выпадкова назвалі яго летапісцам МТЗ. У пачатку 50-х гг. прыйшоў сюды мастак,пазнаёміўся з людзьмі, многія з якіх сталі яго сябрамі. Завод жа стаў родным. Мастак на працягу амаль 30 гадоў сачыў за падзеямі, што адбываліся там, бачыў, як змяняліся людзі, укаранялася новае абсталяванне. Вось гэтыя шматгадовыя назіранні і адлюстраваў у сваіх работах.

«Каб раскрыць тэму працы праўдзіва і пераканаўча, мастаку важна захапіцца ёю,-- адзначаў Яўгеній Яўстафіевіч-- Сам працэс працы на заводзе для мастака нялёгкі. Нібы ператвараешся ў рабочага, мабілізуеш усяго сябе. Цяжка і тым, каго пішаш. Таму я так удзячны ім. У час работы чалавек у руху, а пазіраваць нерухома ў гарачым цэху крыху складаней. Памятаю, у сталявара Ісачанкі ўвесь твар за паўгадзіны загарэў, дакладней -- абгарэў, як на яркім сонцы. А паспрабаваў пісаць у майстэрні - і чырвонай лямпай асвятляў, і свечкай -- не тое. Натура дапамагае мастаку больш убачыць, пазнаць, асвоіць. Творчасць ад гэтага толькі выйграе».

Карціна «Кавальскі цэх» (1958) вылучаецца выразнасцю малюнка, дакладней -- сілуэтнасцю фігур, станкоў, манументальнасцю канструкцый у спалучэнні з актыўнай чалавечай дзейнасцю. Поўны дынамікі «Сталелiцейны цэх» (1962). Складаныя рытмы фігур, канструкцый, станкоў, гучныя каляровыя акорды -- жоўтые з чырвоным, зялёным; мноства крыніц святла: успышкі раскаленага металу, яркія водбліскі агню на тварах, прадметах -- усё гэта стварае выразны, эмацыянальны вобраз вытворчасці шумлівай, напружанай, гарачай. 

Спакойны, светлы «Экспартны цэх МТЗ» (1966), пабудаваны на кантрастах дакладных плоскасцей і пругкіх ліній, гарызантальных і накіраваных у вышыню форм, гарачых пунсовых і халодных зялёных мас. Усё гэта ўносіць напружанне і дынаміку ў знешне статычную кампазіцыю. Прастор, гармонія людзей з навакольным асяроддзем сведчаць пра сучасную вытворчасць з яе тэхнічнай аснашчанасцю, маштабнасцю, функцыянальнай абгрунтаванасцю.

Яўгенія Яўстафіевіча Красоўскага прыцягвала яшчэ адна галіна працы -- традыцыйнае беларускае ткацтва. І апранутыя ў прыгожыя нацыянальныя касцюмы жанчыны за старажытным калаўротам, і работніцы тонкасуконнага камбіната каля станка, і жыццярадасная стракатасць цэхаў Віцебскага дывановага камбіната знайшлі выразнае вырашэнне ў яго палотнах – «Брыгада выдатнай якасці» (1949), «За прасніцай» (1960), «Дзяўчына камвольнага камбіната» (1975), «На Віцебскім камбінаце» (1977). Калі заводская вытворчасць на карцiнах Красоўскага ўспрымаецца як магутныя паўнагучныя мелодыі, дык гэтыя работы, бадай, больш паэтычныя, плаўныя па рытму, упрыгожаныя і вытанчаныя. У іх адчуваюцца святочнасць і музычнасць.

У сваіх творах Красоўскі не проста адлюстраваў вытворчы працэс, а пры дапамозе мастацкіх сродкаў стварыў вобраз вытворчасці, раскрыў прыгажосць чалавека працы. Тыя ж задачы паставіў перад сабой мастак і ў работах, прысвечаных сельскім працаўнікам: «Даяркі» (1964), «Даяркі калгаса імя Гастэлы» (1965). З'яўляецца новая тэхніка, мяняюцца ўмовы працы. Праўдзіва адлюстроўваючы жыццё, мастак захаваў у палотнах прыкметы часу. Тэма, сюжэт могуць страціць актуальнасць, але яны павінны быць па-мастацку вырашаны і хваляваць заўсёды. Выявіць сутнасць чалавека,  прыгажосць яго характару, душы – хіба ёсць што важней за такую задачу? Чым больш мастак знаходзіць сродкаў для выяўлення, тым большых вынікаў ён дасягае.

Для Я. Красоўскага было вельмі важна, каб кожны яго твор быў звернуты не толькі да свядомасці, але і да пачуццяў чалавека, каб значнаму зместу адпавядала дасканалая форма. Пастаянна заняты праблемай удасканалення прафесійнага майстэрства, Яўгеній Яўстафіевіч не замыкаўся ў сценах майстэрні, а значную частку часу праводзіў у творчых камандзіроўках па рэспубліцы, краіне, за мяжой. Усё ўбачанае, успрынятае, як правіла,было адлюстравана ў работах мастака. Таму такія разнастайныя шматлікія пейзажы Красоўскага. Цяністыя беларускія лясы, няспешная Бярэзіна, новабудоўлі Салігорска, помнікі старадаўнасці Полацка, нечаканая стракатасць вуліц Лондана, зялёны Будапешт, шматлюдны Парыж, дрымотны Стамбул, казачны Талін, руіны грэчаскіх, рымскіх храмаў, ціхая святочнасць загорскіх сабораў, залатыя купалы Маскоўскага Крамля...

З кожнай паездкі -- шматлікія замалёўкі, эцюды. Мастак не проста пасіўна адлюстроўваў, а адразу думаў пра кампазіцыю -- пластычную і каларыстычную, шукаў вобразнае вырашэнне. І ў той жа час Яўгеній Яўстафіевіч спяшаўся зрабіць эцюд за адзін сеанс – хацеў захаваць непасрэднасць уражання. Ніколі потым ужо не працаваў над ім -- «каб не сапсаваць». Непаўторнасць стану прыроды, адзначаную ў эцюдзе, мастак захоўваў і ў карціне. Невялікія памерамі пейзажы Красоўскага нясуць у сабе і характэрнасць мясцін,і настрой аўтара, і адчуванне штомінутнай зменлівасці, выключнасці кожнага імгнення жыцця прыроды.

Хуткія, лёгкія пастозныя мазочкі, ледзь адчувальныя контуры, вылепленыя колерам аб'ёмы, ружова-перламутрава-блакітны каларыт, мяккі бляск залацістых купалаў сабора,адлюстраванага ў карціне «Пасля дажджу» (1945), ствараюць уражанне, што нават у зацягнутым смугой паветры ён быццам раствараецца. Шырокія, паспешлівыя, карычнева-сіне-зялёныя мазкі, некалькі іскрынак аранжавага, калючая пляма пунсовага колеру - і з'яўляецца стары храм у летні сонечны, напоўнены спякотай дзень («Старо място», 1977).

За кошт абагульнення, адсутнасці дробных дэталей Яўгеній Красоўскі ўмеў надаць такім маленькім камерным палотнам манументальнасць і панарамнасць.

У рабоце «Віцебск. Мост праз Дзвіну» (1977) мастак адлюстраваў складанасць пластычнага і каларыстычнага вобліку горада, у якім неразрыўна пераплятаецца мінулае і сучаснае. У невялікім пейзажы дадзена шырокая панарама з бясконцым рухам транспарту і спакойным жыццём прыроды. У шматтанальную мелодыю белага і зялёнага колераў уплятаецца перазвон чыстых, чырвоных, сініх, жоўтых мазкоў. Створаная складаная каларыстычная сімфонія -- аптымістычная і велічная. 

Абвостранасць бачання ўзнікала ў Яўгенія Яўстафіевіча не толькі на новых месцах. Мінск, як стары знаёмы, раскрываўся кожны раз па-новаму, нярэдка авалодваў увагай мастака -- «Мінск. Камсамольская вуліца» (1958), «Былая Камароўка» (1963), «Ускраіна Мінска» (1964). І, адклаўшы ўсе справы і планы, Яўгеній Яўстафіевіч спяшаўся «спыніць імгненне», перанесці на палатно прыгажосць ціхага вечара, паэзію куткоў ля Нямігі, Свіслачы, якая цячэ па старых «татарскіх» агародах, або зладжаны рытм разгорнутай панарамы будаўніцтва горада.

У карціне «Мінск. Вуліца Сурганава» (1977) паралелі шашы пераломліваюцца, ідуць у вышыню і працягваюцца ў вертыкальных лініях будынкаў. Іх цвёрдая графічнасць змякчаецца карагодам пушыстых дрэў, на фоне якіх рухаюцца людзі, транспарт. Такое пластычнае рашэнне дапамагае гледачу адчуць дынаміку сучаснага жыцця.

«Мінск будуецца» (1977) - квадрат, які аддзяліў фрагмент сённяшняга Мінска -- зімовага, з ружова-бэзавым снегам на дахах старых драўляных дамоў, што яшчэ захаваліся ля падножжа 16-павярховага гмаху. Віднеюцца сілуэты дрэў, скрозь якія бачна каралавая сцяна суседняга дома. Яркія, энергічна зробленыя адным ударам пэндзля маленькія фігуркі. Каляровая напружанасць. Мазкі накладзены то пуката, бугрыста, то лёгка, празрыста, так, што скрозь іх відаць палатно. Складаны рытм: рух, накіраваны з верхняга левага вугла да пярэдняга плана, зноў ідзе ўгору ўздоўж блакітных паралеляў новых дамоў. Усё разам стварае вобраз горада з яго сваеасаблівай выразнасцю і прыгажосцю. Адзін і той жа матыў на працягу месяца можа ўвасобіцца ў чатыры зусім розныя па настроі пейзажы.

У майстэрні заўсёды было некалькі пачатых карцін. І сярод іх --- абавязкова партрэты. Раскрыць характар асобы, яе ўнутраны свет, адлюстраваць постаць чалавека -- справа надзвычай адказная і нялёгкая. Але Яўгенію Яўстафіевічу ўсё было пад сілу. Асабліва ён любіў пісаць партрэты з натуры.

У адным з артыкулаў мастак У. Сакалоў успамінаў пра сумесцую з Красоўскім паездку на Лукомскую ДРЭС. Яўгеній Яўстафіевіч як толькі прыехаў, адразу з уласцівай яму ўтрапёнасцю запрасіў рабочых пазіраваць. У «студыю» прыйшлі людзі. І ў самы кароткі час усе сцены яе былі завешаны работамі Красоўскага. Расказваючы пра цікавасць, з якой адносіўся Яўгеній Яўстафіевіч да людзей, У. Сакалоў адзначыў, што ўся велічная партрэтная галерэя Яўгенія Яўстафіевіча -- гэта партрэты сяброў.

І сапраўды, скрозь катэгарычнасць меркавання, іранічнасць, часам нават рэзкасць Красоўскага бачны пастаянная паслядоўная добразычлівасць, камунікабельнасць. Амаль заўсёды партрэты вызначае адлюстраваная ў іх дабрата. 

Я. Я. Красоўскім створаны партрэты групавыя і адзіночныя. Партрэты-ўражанні і партрэты-біяграфіі. Часам класічна ўраўнаважаныя і завершаныя, выкананыя як імправізацыя, дзе аўтар не ставіў задачу перадаць дакладнае падабенства. Ён зыходзіў з рэальнай асновы, падкрэсліваў, выяўляў і абыгрываў характэрнае. І на аснове сваёй творчай фантазіі, абагульнення, тыпізацыі ствараў мастацкі вобраз.

У апошнія гады Красоўскі сцвярджаў: «Калі партрэт іканаграфічна дакладны, падабенства знешняе дасягаецца максімальна - гэта важна для блізкіх, знаемых. А патрэбен вобраз, каб ён нёс у сабе характэрнае, запамінаўся. Партрэт павінен быць настолькі вобразны, каб усім здавалася, што яны ведаюць гэтага чалавека, каб ён застаўся ў іх свядомасці, памяці. Дасягаецца гэта здольнасцю мастака ўбачыць, адкінуць лішняе, падкрэсліць характэрнае, тыповае».

Калі прааналізаваць серыю партрэтаў, створаную Яўгеніем Яўстафіевічам, не цяжка заўважыць, што ў ранніх работах большае падабенства з тымі, хто пазіраваў, у позніх -- меншая залежнасць ад таго, што перад вачамі. Партрэты партызан, выкананыя Красоўскім непасрэдна з натуры ў гады Вялікай Айчыннай вайны, уражваюць строгай дакументальнасцю, праўдзівасцю, дакладна выяўленай індывідуальнасцю, стрыманасцю ў перадачы чалавечых пачуццяў. Цемнаватыя па каларыту, нескладаныя па кампазіцыі, яны аб'яднаны прыўзнятасцю вобразаў, захапляючымі адносінамі аўтара да тых, каго ён пiсаў,-- «Партрэт дзяўчыны» (1944), «Партрэт Героя Савецкага Саюза В. І. Казлова» (1948) і інш.

Партрэт партызана Пятра Кашэ (1944) па манеры выканання блізкі да работ старых майстроў, ураўнаважаны па кампазіцыі, крыху напружаны па каларыту. Усё ў ім лаканічна і ў той жа час гранічна выразна і прыгожа. Нейтральны, хоць і пазбаўлены аднастайнасці, фон. Светлыя, як бы нядбайна напісаныя адвароты кажуха, пругкая мяккасць футравага каўняра канцэнтруюць увагу на рэдкай прывабнасці чалавечага твару, смуглявага, маладога, абветранага, у якім - мужнасць без суровасці і воля без аскетызму. Асветлены бакавым святлом, ён злёгку павернуты да нас. Дакладны малюнак скул, моцны падбародак, глыбокі разумны позірк ствараюць вобраз чалавека рашучага, дужага і ў той жа час добрага і чулага.

Партрэт сына (1950) таксама кампазіцыйна просты. Выкананы ён у тэхніцы энкаўстыкі. Дарэчы, у Беларусі Яўгеній Яўстафіевіч быў адным з пачынальнікаў асваення гэтай тэхнікі. 

Партрэты, у якіх мастак перадае напружанае ўнутранае творчае жыццё, звычайна больш складаныя. Выключны па майстэрству выканання і выразнасці вобраза партрэт мастака М. М. Філіповіча (1946). На фоне карзiны з кветкамі, аксамітнай падушкі, жывапісных тканін напружана сядзіць на табурэтцы сухарлявы няскладны чалавек з моцнымі рукамі, скуластым тварам, брывамі ўразлёт і глыбока пасаджанымі невялікімі, але зоркімі вачамі. У ім прачытваецца складанае перапляценне сціпласці і пачуцця ўласнай годнасці,  настойлівасць і парывістасць. Гэта падкрэсліваецца і ў позе Філіповіча, і чыста кампазіцыйна: аўтар дэманстратыўна скранае кампазiцыйны цэнтр улева, што ўносіць у карціну адчуванне руху.

Значнасць чалавека працы назіраецца ў партрэце вядучага сталявара МТЗ П. І. Ісачанкі (1957).


Партрэт мастака М. П. Станюты (1963) поўны годнасці і артыстызму. І тут старанна прадуманыя, падпарадкаваныя выяўленню вобраза мастацкія сродкі. Цёплая прыглушаная колерная гама, лёгкія лініі фону. Крыху павернуты да нас твар з прыкрытымі цяжкімі павекамі вачамі, якія, здаецца, вывучаюць гледача. Нос з гарбінкай, сівыя вусы, горда ўзнятая гладка паголеная галава ствараюць уражанне манументальнасці, упэўненасці ў сабе і чуласці адначасова.

Чалавек актыўны, Яўгеній Яўстафіевіч з цікавасцю адносіўся да спорту, наведваў розныя спаборніцтвы, удзельнічаў у рабоце спорткамітэтаў. Ён стварыў нямала партрэтаў спартсменаў. Але, як правіла, мастак паказваў спартсменаў у час спаборніцтваў, трэніровак, падкрэсліваючы, што спорт -- гэта таксама праца напружаная, якая патрабуе поўнай аддачы, майстэрства, упартасці, веры ў сябе, у перамогу («Перад раундам» (1965), «Фехтавальшчыца Э. Чудакова» (1969), «Член зборнай па паруснаму спорту Э.Цітавец» (1975).

Асабліва часты матыў спартыўнай серыі Красоўскага - яхты.  Зладжанасць рухаў, адзінства дзеянняў і пачуццяў, гармонія чалавека і прыроды, радасць перамог знаходзяць выразнае маляўнічае вырашэнне ў карцінах «Яхты на прычале» (1955), «Спаборніцтва яхт» (1956), «Яхты на старце» (1965), «Бялее ветразь» (1966), «Перад стартам» (1971), «Яхта ў моры» (1972), «Яхтклуб» (1977). 

Гэтыя тэмы, як і многія іншыя, вырашаны эфектна, вытанчана, з унутранай сілай, прыўзнятасцю, гучнасцю колеравай гамы. Характэрна, што ва ўсіх работах спартыўнай тэматыкі пераважае белы колер. Белы, ружовы, бэзава-блакітны колеры ў спалучэнні з сінім, аранжавым нясуць жыццесцвярджэнне, аптымізм, святочнасць. Сярод работ гэтай  серыі асабліва выдзяляецца шырока, свабодна напісаная, выключна экспрэсіўная і насычаная па каларыту карціна  «Жакеі» (1970).

Адным з улюбёных жанраў Красоўскага быў нацюрморт, у якім сканцэнтравана творчая сталасць жывапісца, у поўнай меры праяўлена яго высокае адточанае майстэрства. Свет фарбаў -- яркіх, усхваляваных, радасных! Мастак адначасова асэнсоўвае  рэчаіснасць і дае ёй другое жыццё, маляўніча адлюстроўваючы на палатне і паперы свае адносіны да акружаючага свету, свае роздумы, настрой,  прыхільнасць і сваю любоў.

Нацюрморты Я. Я. Красоўскага падкупліваюць не толькі сваёй вытанчанай дасканаласцю, у іх праяўляецца філасофскі склад розуму мастака, яго любоў да прастаты, назіральнасць і вострае пачуццё часу і прыгажосці.

У сваіх творах аўтар прымушае ўбачыць свет па-новаму – любуючыся гармоніяй, пазнаць філасофію. Гэта карціны «Атрыбуты мінулага», «Дырэктар» (1967), «Нацюрморт» (1976). Нават калі нацюрморт і пазбаўлен сімволікі, падтэксту – «Кветкі» (1950), «Нацюрморт з цымбаламі» (1954), «Нацюрморт з яблыкамі» (1978),-- ён ніколі не бывае проста здымкам, копіяй прыроды: мастак бачыць эмацыянальна, выбарачна. Гэта не «мёртвая натура», а рэчы, якія адлюстроўваюць свет, пачуцці, перажыванні, стан чалавека.

«Калі працуеш над нацюрмортам, уяўляеш,-- гаварыў Красоўскі,-- што сядзіш за музычным інструментам. Работа гэта дапамагае мастаку разабрацца ў выяўленні якасцей, у разуменні маляўнічых задач, пытанняў, якія стаяць перад ім». Жывапіс уяўляўся Красоўскаму сімфоніяй фарбаў у іх каларыстычных адносінах, узаемасувязях.

Гаворачы пра маляўнічую культуру, Яўгеній Яўстафіевіч з уласцівай яму перакананасцю, блізкай да катэгарычнасці, звяртаў увагу на два характэрныя падыходы да выяўленчага вырашэння твора жывапісу – каларыстычнага і колеравага. «Я прытрымліваюся таго пункту гледжання,-- сцвярджаў мастак, што каларыт- гэта маляўнічае спалучэнне, дэкаратыўная гармонія, гук, пры дапамозе якога можна спазнаваць любы настрой, музычнасць палатна. Колер жа – паняцце складанае, матэрыяльнае, напоўненае жыццём. Гэта і каларыт, і перадача прастору, аб'ёму, матэрыялу пры дапамозе тона-светамоцнасці. Ёсць карціны-габелены, прыгожыя па каларыту. Аднак хочацца паказаць не толькі прыгажосць, але і матэрыяльнасць».

Як у юнацтве, так і на працягу ўсяго жыцця Красоўскага хвалявалі творы, якія пераканаўча валодаюць маляўнічымі вартасцямі: работы Эль-Грэка, Рэмбранта, Гоі, імпрэсіяністаў, Сезана, Канчалоўскага, Купрына.

І яшчэ адна безумоўная прыхільнасць Красоўскага: ён любіў мастацтва камернае, невялікіх памераў, таму што бачыў у ім шмат характэрных заканамернасцей. Камернае мастацтва, якое страціла, на жаль, былыя традыцыі, цяпер зноў прыцягвае ўвагу. Яно добра ўпісваецца ў любы інтэр'ер. Я. Я. Красоўскі па прызванню -- жывапісец. Але неўтаймоўная прага пошуку прыводзіла яго і да мастацтва керамікі, графікі, прымушаючы шукаць агульнае, выяўляць cпецыфіку.

У апошнія гады Яўгеній Яўстафіевіч стварыў вялікую серыю партрэтаў, сярод якіх былі складаныя, шматгранныя. Да такіх належаць партрэты Дастаеўскага, Кафкі. Тут і пранікненне ў вобраз, і пластычнае майстэрства, якое дало магчымасць зрабіць гэта выразна і проста.

Мастак з задавальненнем працаваў i ў экслiбрысе, якi патрабуе высокай прафесiйнай i агульначалавечай культуры, вобразнасцi, кампазiцыйнага майстэрства, умення быць нешматслоўным i выразным. Экслiбрысы Красоўскага звычайна складаныя па кампазiцыi i сiмвалiчныя.

Звяртаўся Яўгенiй Яўстафiевiч i да манументальнага мастацтва. Сумесна с М.Тарасiкавым распiсаў кiнатэатр “Беларусь” у Мiнску, з В.Занковiчам i Э.Левiным - планетарый i iнш.

Цiкавiла мастака i акварэль, якая патрабуе актыўнасцi, дае прыемныя i добрыя вынiкi. Нездарма яна прыцягвала Красоўскага i да замалёвак, i да iншых работ. Ды i аловак, i сангіна, і вугаль мелі сваю прыгажосць у руках мастака. Але яму здавалася, што самы складаны матэрыял -- гэта алей. І сапраўды, магчымасці ён дае вялікія -- дазваляе ўлічваць паверхню, працаваць павольна, карыстацца разнастайнымі прыёмамі, ствараць розную фактуру, пісаць валёрна, празрыста, лесіроўкамі або з нагрузкай, корпусна.

Працуючы з захаплённем, творча, Яўгеній Яўстафіевіч да апошняга дня знаходзіў час і для актыўнай грамадскай дзейнасці, выступленняў па радыё, у прэсе. Прымаў удзел у выданні манаграфіі пра выдатнага мастака і свайго сябра М. Тарасікава.

Памёр Я. Я. Красоўскі 14 ліпеня 1980 года ў сваёй майстэрні ў час працы над групавым партрэтам беларускіх мастакоў і мастацтвазнаўцаў. Вядомы беларускі мастак і педагог С.П. Каткоў у адным з лістоў (яны захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва) пісаў Я. Красоўскаму: «Я здзіўляюся, як ты заўсёды маеш ахвоту да работы, здзіўляеш сваёй нястомнай энергіяй... Прыемна, што я ведаю цябе так шмат гадоў як энергічнага мастака, заўсёды нястомнага, прынцыповага, глыбока перакананага ў канцэпцыі, якую ты сцвярджаеш... Ты ўмееш зразумець і адчуць іншых, падбадзёрыць, смела выказаць праўду... Ты сапраўды малады і прыгожы душой, работы твае на высокім  прафесійна-эстэтычным узроўні. Я атрымліваю задавальненне і асалоду».

Імкненне да ўдасканалення, настойлівасць, незаспакоенасць, актыўнасць -- гэтыя характэрныя рысы Яўгенія Яўстафіевіча Красоўскага знайшлі адлюстраванне ў яго творчасці, поўнай унутранай перакананасці, цэласнасці і захапляючай прыгажосці.

Э.В.Арава. 

З тэксту выдання “Яўгенiй Красоўскi”. Мiнск. “Беларусь”. 1983 г.