Мікалай Тарасікаў

Яўген Яўстафавіч Красоўскі нарадзіўся ў 1908 годзе ў горадзе Баку, дзе бацька яго, па нацыянальнасці беларус, у гэты час быў паштова-тэлеграфным служачым.

У 1922 г. сям'я Красоўскага пераехала ў Мінск, і Яўген паступіў вучыцца ў вячэрнюю сярэднюю школу рабочай моладзі, адначасова працуючы ў 1-м Беларускім драматычным тэатры ў майстэрні тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва пад кіраўніцтвам мастакоў О. П. Марыкса і К. С. Ціханава.

Ва ўзросце 18 год юнак паступае ў Беларускі дзяржаўны мастацкі тэхнікум у г. Віцебску. Яго выкладчыкамі былі М. Г. Эндэ, Ф. А. Фогт, В. М. Руцай. У 1930 г., скончыўшы гэхнікум, ён атрымлівае званне мастака за дыпломную працу «Акулярная фабрыка».

Красоўскі накіроўваецца ў Мінск, дзе на працягу пяці год працуе выкладчыкам малюнка і чарчэння ў сярэдняй чыгуначнай школе. Пачынаецца актыўнае творчае жыццё мастака. Тэма працы, вырашаная яшчэ ў дыпломным творы, становіцца асноўнай у многіх палотнах Я. Красоўскага. Гэтай тэме ён прысвячае тэматычныя карціны «Дажынаюць», «Выхад на працу» (1931 г.), якія экспанаваліся на 4-й Усебеларускай мастацкай выстаўцы і былі станоўча адзначаны крытыкай.

У 1935 - 1936 гг. Я. Красоўскі ўдасканальвае сваё майстэрства ў Кіеўскім мастацкім інстытуце пад кіраўніцтвам прафесараў А. М. Чэркаскага і К. Н. Элева.

Вярнуўшыся ў Мінск, ён актыўна ўключаецца ў мастацкае і грамадскае жыццё Беларускай рэспублікі. Шмат працуе ў станкавым жывапісу, піша багата пейзажаў, нацюрмортаў і адначасова стварае тэматычныя карціны «Штаб Рэўваенсавета на Заходнім фронце ў 1919 г.», «Беларускія ткачыхі», якія экспанаваліся на рэспубліканскай мастацкай выстаўцы ў Мінску ў 1940 г. і на першай дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве ў 1940 г.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Я. Красоўскі знаходзіўся ў эвакуацыі ў г. Новасібірску. Там ён працаваў мастаком у гарнізонным Доме Савецкай Арміі і прымаў актыўны ўдзел у рабоце мясцовага аддзялення Саюза мастакоў СССР. Для «Вокан ТАСС», якія былі баявым органам палітычнай сатыры, мастак стварыў цэлы шэраг запамінальных, яркіх лістоў гэтай серыі.

У 1942 г. Я. Красоўскі па выкліку СНК БССР пераязджае ў г. Маскву на працу ў якасці загадчыка аддзела мастацкага афармлення Белдзяржвыдавецтва. Многа сіл і энергіі аддае мастак рабоце на гэтай пасадзе. Але гэта яму не перашкаджае плённа працаваць у станкавым жывапісу. Мастак піша эцюды, партрэты, серыі твораў, прысвечаных архітэктурнай старажытнасці Падмаскоўя («Загорск», «Вежы» і іншыя). Адначасова ён супрацоўнічае ў беларускім сатырычным часопісе «Партызанская дубінка».

На мастацкай выстаўцы 1944 года ў Маскве, прысвечанай 25-годдзю Беларускай ССР, экспанаваліся многія творы Я. Красоўскага. Вялікую цікавасць сваёй эмацыянальнай

усхваляванасцю выклікала карціна «Зямля». Яна адлюстроўвае свяшчэнную любоў савецкага народа да сваёй роднай зямлі. У аснове сюжэта гэтай карціны ляжыць старадаўні звычай славян -- пакідаючы радзіму, браць жменьку роднай зямлі з сабою. 

Адразу пасля вызвалення беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў мастак вярнуўся на Радзіму. Ён разам з калектывам мастакоў прыняў самы актыўны ўдзел уадраджэнні Мінска і выяўленчага мастацтва Беларусі.


Асобна трэба адзначыць цікавасць і любоў мастака да вытворчай тэматыкі. У 1949 г. Красоўскім былі напісаны яго найбольш вядомыя і найбольш удалыя творы першых пасляваенных год - «Брыгада выдатнай якасці», у якой паказана працоўнае жыццё рабочага калектыва Мінскага тонкасуконнага камбіната, «Даяркі», «Закройшчыца Галя Чэрняк».

У апошнія гады ўся творчая дзейнасць мастака, яго творчыя пошукі звязаны з вялікім калектывам рабочых Мінскага трактарнага завода. Мастаком, які дасканала ведае жыццё завода, створан шэраг карцін, эскізаў, эцюдаў, замалёвак сцэн вытворчасці, партрэтаў перадавікоў. Асабліва вылучаюцца з іх карціны «Выплаўка сталі», «Электракаршчыца», «На Мінскім трактарным», партрэт сталявара Ісачанкі і інш.

Многа і плённа працуе Я. Красоўскі ў жанры пейзажнага жывапісу і нацюрморта. Ім створана вялікая колькасць пейзажаў, адлюстроўваючых прыроду роднай Беларусі, Крыма, Каўказа, хараство праспектаў і плошчаў цудоўнага Ленінграда, Вільнюса і іншых гарадоў нашай краіны, з якіх асабліва вылучаюцца «Вечар на моры» (1946 г.), «Белавежская пушча» (1947 г.), «Цёплы дзень» (1949 г.), «На берагах Бярозы» (1954 г.), нацюрморт з цымбаламі (1954 г.), шэраг твораў з «Ленінградскай сюіты» і іншыя.

Жанравыя карціны Красоўскага «Бабуля і ўнук» (1947 г.), «Смутак», «Чытаюць газету «Піянерская праўда» (1953 г.) сведчаць аб багатых жыццёвых назіраннях мастака, яго вялікай цікавасці да жыцця простых савецкіх людзей.

Мастак Красоўскі працуе ў рознастайнай тэхніцы графікі. Ён, як неспакойны шукальнік скарбаў, прабуе свае творчыя магчымасці ў афорце, гравюры на ліноліуме. Лінагравюры «Порт», «Яхты», «Прыстань», творы, выкананыя тэхнікай энкаўстыкі «Партрэт хлопчыка», «Кветкі», «Адам Міцкевіч у Гурзуфе», сведчаць аб рознабаковых талентах беларускага мастака, яго няспынных творчых пошуках.

Творы Красоўскага знаходзяцца ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР, у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у прыватных асоб.

Усё створанае мастаком да вайны не захавалася, таксама як і тыя творы, што знаходзіліся ў Мінскай карціннай галерэі, з прычыны таго, што былі вывезены нямецка-фашысцкімі акупантамі ў Германію, і лёс іх невядомы.

У сучасны момант мастак працуе над вялікім гістарычным палатном «К. Каліноўскі перад пакараннем».

Гэтая выстаўка з'яўляецца творчай справаздачай Красоўскага перад гледачом. Яна прысвечана 50-годдзю з дня нараджэння і 30-годдзю творчай дзейнасці мастака.


Н. ТАРАСІКАЎ, мастак.

З уступнага тэксту да Каталога выстаўкі твораў Я.Я.Красоўскага, прысвечанай 50-годдзю з дня нараджэння і 30-годдзю творчай дзейнасці. Саюз мастакоў БССР. Дзяржаўны мастацкі музей БССР. Мінск, 1958 г.