Віктар Карамазаў

Вока і сэрца Дон-Кіхота


У мастака Яўгена Яўстафавіча Красоўскага быў твар анёла, але вочы снайпера: за прымружанымі векамі агняна бліскалі вострыя, чэпкія, іранічныя зрэнкі касілі напавал.

Аднойчы ён пачаў пісаць ці то навелу, ці то эсэ:

«Вока мастака гэта вока Сярова, Леанарда да Вінчы, Мікельанджэла, Рафаэля, Сезана, Маціса, Пікаса, Ван-Гога, Урубеля: усё бачыць, працінае наскрозь, паліць, гіпнатызуе.

Першымі вока мастака заўважаюць маладыя закаханыя. Здаралася, што я быў без алоўка, без альбома, без малюнка, але чуў мяне спынялі: «Вы мастак?» І пыталіся, і сцвярджалі.

Неяк маладая літоўка мне заўважыла: «Гэтак можа глядзець толькі Бог і мастак». І тое самае альбо амаль тое я чуў да сябе ў Эстоніі, Расіі, Парыжы, Рыме, Лондане, Варшаве.

А хто што я мастак сказаў мне першы? Сказала вока.

Аднойчы ноччу зусім маладым чалавекам я ішоў па Мінску і думаў пра сябе як пра няўдаліцу, лішняга на зямлі, слабога. Было цёмна, пачыналася вясна, пад маімі галёшамі пялёхалі вада, мокры снег, гразь, гліна. Вакол ног унізе гулялі водсветы святла ці то ад ліхтароў, ці то ад месяца ў небе. Было пагана на душы. І раптам нейкі блік, самы яркі, спыніў мяне. Я нагнуўся за ім і падняў белы чарапочак, скялёпыш ад міскі. Па гліне ляжаў малюнак, які мяне зачараваў. З тым чарапочкам я прыбег дадому, уключыў лямпу, сеў за стол. Туш, акварэль, пэндзаль, аловак. Нервоваю рукой рабіў малюнак па крузе талеркі. Ноч усё дала: дакладнасць, смеласць, свабоду ў колеры, малюнку, кампаноўцы дэкору. Раніцай я знайшоў ганчара, ён мне зрабіў талеку з чырвонай гліны, я распісаў яе і доўга не выпускаў з рук, дзівіўся з таго, што зрабіў, радаваўся. І тады, у тую ноч, я зразумеў, што такое шчасце, убачыў, што ў мяне сваё вока і што яно маё золата. Адчуў сябе мастаком». 

На стале альбом. Дакладней макет, вёрстка, тое, што праз месяц будзе альбомам. Тут рэпрадукцыі карцін з прыватных збораў. Гартаючы старонкі альбома і гады жыцця мастака, чуеш прастору, напоўненую нябесным гукам, дзе мацнейшым, дзе цішэйшым, у эцюдах камерным, але ўсюды чыстым, скразным, узнёслым. Гук нібы сшывае работы майстра ў адзін сшытак. І вось апошняя старонка, на ёй малюнак, а на малюнку Дон-Кіхот на верным Расінанце з кап'ём, шчытом, у латах, шлёме. Ідальга, рыцар Сэрвантэса спыніўся перад млынам-ветраком, які ў вачах Дон-Кіхота агромністы асілак аж з 

чатырма вялізнымі рукамі. Рукі асілка нішчаць людзей, адзін ужо дагары нагамі тырчыць з зямлі, нібыта паля. Мужны рыцар кідаеца ў бойку за пакрыўджаных. Сілы няроўныя? Пра тое рыцар не думае. Яго моц сэрца, апантанае подзвігам дзеля ратунку прыгнечаных, спакутаваных.

У жыцці, у працы з алоўкам, пэндзлем, мастэхінам Яўген Красоўскі, штодзень наватар і падарожнік, нястомны, страсны, не саступаў Дон-Кіхоту ні мужным сэрцам, ні вострым вокам. У мастацтве ён быў усюды ад берага да берага: карціны тэматычныя, партрэты, касцюмы і дэкарацыі ў тэатры, іх рэстаўрацыя, пейзажы, нацюрморты, насценны роспіс, мазаіка, афорты, кніжная графіка, бясконцыя, з натуры, замалёўкі, экслібрыс, кераміка. Розныя тэхнікі, школы, кірункі. Рэаліст, імпрэсіяніст, адзін з першых беларускіх постімпрэсіяністаў, ён з карысцю для ўсяго нашага мастацтва пабываў і там, дзе

былі мастакі «ідэйна-заганныя, касмапаліты і фармалісты», браў урокі нават у Дастаеўскага і Кафкі, у Сезана і Маціса, сам, як роўны ім, даваў урокі маладым хоць бы і нацюрмортамі з блакітнымі яблыкамі, чырвонай рыбай... эцюдам з мастаком.

Яго мастак сядзеў на маставой у акружэнні сваіх «фармалістычных» работ, падклаўшы пад сябе аркуш паперы ці газету, нічым не падобны на класіка сацрэалізму. З аднаго боку ад яго ляжала палітра, з другога капялюш, у які чамусьці ніхто яшчэ не кінуў ані рубля на заначку. Сядзеў задумлівы, але спакойны. На шыі чырвоны шалік, пад калашынамі на нагах блакітныя, як яблыкі ў Сезана, шкарпэткі. У той час, у дваццатыя, трыццатыя, саракавыя гады нават нечаканая плямка ад Сезана ці Маціса была нагодаю трапіць на «зону». Але ці быў расчараваны тым мастак?

А сам Яўген Красоўскі?

На аркушы, дзе ён пісаў пра вока мастака, ёсць і яшчэ радкі:

«Жывапіс гэта цяжкое, якога звонку не ўбачыш, глыбока схаванае ад чужога вока змаганне гармоніі ды пластыкі, колеру з формай і зместам. Толькі мастак бачыць глыбінную красу жыцця, чалавека, навакольнай прыроды, іх фарбы, формы, малюнак, і гэта шчасце мастака. Яму, гэта маючы, нішто іншае не трэба: ні слава, ні грошы. Ён заўсёды прамы, адкрыты і шчаслівы, нават калі і голы, і галодны».

Гэтакі быў Яўген Красоўскі.

Ён не быў Дон-Кіхотам. Але яго вока, як вока Дон-Кіхота, у звычайным пастаялым двары магло ўбачыць велічны замак, крыты срэбрам, чаго ніхто іншы не бачыў, а на млын, падобны на крэпасць, ён мог з пэндзлем, як Дон-Кіхот з пікай, кінуцца ў бойку за праўду і красу жыцця ім кіравала сэрца.


Віктар Карамазаў,

уступны артыкул з выдання "Мастакi Беларусi ХХ стагоддзя. Яўген Красоўскi".

Альбом. Мiнск. ТАА “Медиал”. 2008 г.