Алег Ойстрах
Паэзiя творчасцi
Пра гэтага мастака пісаць цяжка і лёгка. Цяжка, таму што яго творчасць -- вялікі і складаны шлях майстра ў мастацтве, лёгка -- таму, што шлях гэты заўсёды быў скіраваны да людзей, да іх сэрцаў.
Яўген Яўстаф'евіч Красоўскі -- вядомы беларускі жывапісец і графік, заслужаны работнік культуры БССР. Гаворка пойдзе пра яго, пра яго творы, якія экспануюцца ў залах мінскага Палаца мастацтваў на выстаўцы, прысвечанай 70-годдзю з дня нараджэння і 50-годдзю творчай дзейнасці мастака.
Не было, бадай, ніводнай колькі-небудзь буйной выстаўкі за ўсё гэтае паўстагоддзе, у якой не ўдзельнічаў бы мастак. У гэтым – праява адной з рысаў яго характару -- праца, старанная, штодзённая, з дня ў дзень, з году ў год.
Але галоўнае ўсё ж, не ў колькасці створаных майстрам твораў. У Красоўскага важна другое. Красоўскі -- мастак шматгранны. Тэматычная карціна і пейзаж, партрэт і нацюрморт у жывапісе, шматлікія графічныя работы -- ад афортаў, лінагравюр, манатыпіі да зкслібрысаў, акварэлей, малюнкаў фламасцерам даюць уяўленне аб яго мастацкіх інтарэсах і магчымасцях.
Жыццё краіны, рэспублікі, працоўная энергія 30–х гадоў, трагедыя Вялікай Айчыннай вайны, гераізм савецкіх воінаў, рамантыка мірнай працы - усё хвалявала мастака. Ішлі гады, развіваўся яго талент, станавілася іншай мастацкая мова яго твораў, але агульным для іх заставалася адна неадкладная якасць - паэтычны настрой. Своеасаблівасць паэзіі многіх работ Красоўскага заключаецца ва ўнутранай стрыманасці, прысутнасці ў іх унутранага эмацыянальнага патэнцыялу. Многія карціны напісаны ў цёмнай колеравай гаме, якая на першы погляд здаецца манахромнай. Але ў тым і дзіўнасць палітры мастака, што яна па сутнасці сваёй шматкаляровая, але праяўляецца гэта не ў жаданні здзівіць гледача ўсім наборам колераў, які маецца ў яго распараджэнні, а ў багатай танальнай распрацоўцы нешматлікіх фарбаў: зялёнай, охры, цёмна-чырвонай, сіняй. Праблематыка і пошукі сучаснага станковага жывапісу дастаткова бачна праяўляюцца ў творчасці Красоўскага.
Ужо ў першых яго палотнах адчуваецца імкненне адлюстраваць складаную тэму працы. Красоўскі -- мастак-рэаліст, і яго сістэма перадачы рэчаіснаснасці ва многім традыцыйная. Яна - ва ўважлівасці да прадметнага асяроддяда, строгай пабудовы, прынцыповага выканання работ. Аднак, калі ў палотнах 1940--1950-ых гадоў, такіх, як «Сталеліцейны цэх», «На Нёманскім шклозаводзе», «На Мінскім тонкасуконным камбінаце», мастак захоплены перадачай самога працэсу працы, дакладнай дынамічнай мастацкай мовай, то, напрыклад, у адной з карцін апошніх гадоў «Дзяўчаты камвольнага камбіната» галоўным становіцца эмацыянальнасць агульнай атмасферы, якая перадаецца праз паэтычныя вобразы гераінь.
Непасрэдныя ў сваёй паэтычнай прастаце пейзажы Беларусі Красоўскага пабудаваны на тонкіх колеравах суадносінах, вобразных дэталях: ад адзінокага дрэва, якое хістаецца на вятру, да ўтульных вясковых хат - свету, сагрэтага чалавечым дыханнем. Любімыя матывы ён піша шматгранна. Такія яго пейзажы пра стары Мінск, які жыве напружаным жыццём і які паэтычна, з вялікай любоўю адлюстраваны мастаком. Велізарная калькасць пейзажаў напісана мастаком з натуры. Велічынёю часта крыху больш чым далонь, яны здзіўляюць мастацкай цэласнасцю, кампазіцыйным майстэрствам. Паводле гэтых работ можна зрабіць захапляючае падарожжа ў сонечную Італію, у пакрытую шэрым туманам Англію, марскія парты Грэцыі, вулачкі Парыжа. Свежасць успрымання, уменне ўвесці гледача ў свет сваіх вобразаў, сакавітасць палітры, трапнасць і назіральнасць у выяўленчых матывах вызначае гэтыя своеасаблівыя паэтычныя мініяцюры.
Даўно і плённа працуе Красоўскі ў жанры партрэта, імкнучыся тварыць выразныя вобразы сваіх сучаснікаў. Часам мастак імкнецца падкрэсліць нейкую адну, але вельмі важную рысу характару чалавека, яго псіхалогіі. Так успрымаецца цудоўны партрэт кампазітара М.Аладава, напісаны ў далёкім 1943 годзе і здзіўляючы сваім драматызмам, высокім напалам эмоцый.
Партрэт мастака Лебедзева носіць зусім іншы характар. Галоўнае тут -- інтэлектуальнасць мадэлі, стрыманасць пачуццяў, унутраная адухоўленасць яго. У партрэце мастака Л.Шчамялёва падкрэслена жанравая прастата (мастак паказаны ў халаце ў звычайнай абстаноўцы), а ў партрэце жанчыны, названым «За пралкай», мастак паспрабаваў праз стрыманыя рытмы фарбаў адлюстраваць своеасаблівы музычны, фальклорны пачатак, тонкую паэзію чалавечай душы.
Толькі чатыры партрэты, але ўсе яны напісаны зусім па-рознаму, аб'ядноўваючыся індывідуальным бачаннем аўтара. Нават сціплы жанр нацюрморта рабіўся ў Красоўскага спосабам прамой перадачы светаадчування мастака, адкрыцця адчувальнага свету. І ў той жа час жанрам, дзе вырашаюцца складаныя, чыста выяўленчыя задачы.
Умоўнасць, абагуленасць мастацкай мовы ў серыі “Маскі” робяць іх своеасаблівымі практыкаваннямі ў колеры, цікавымі эксперыментамі ў галіне формы і танальных распрацовак, што можна бачыць на выстаўках мастакоў надзвычай рэдка.
Своеасабліва вядзе творчы пошук Красоўскі ў акварэлі. Непаўторны почырк вызначае яго пейзажы і нацюрморты: выразнасць задумы, лаканізм у адборы дэталей, мяккасць, прыглушанасць колеравай палітры, паэтычнае адлюстраванне простых, звычайных матываў.
Імкненне да ўзбагачэння творчых магчымасцей даўно і сур’ёзна прывяло Красоўскага ў графіку. Незлічоныя экслібрысы, тонкія афорты, цікавыя партрэты і колеравыя эксперыментальныя кампазіцы, выкананыя ў тэхніцы манатыпіі, кніжныя ілюстрацыі да твораў Ф.Дастаеўскага, нечаканыя па задуме і мастацкім увасабленні, ствараюць унушальную карціну творчасці Красоўскага.
Яго персанальная выстаўка дае нам яркае ўяўленне аб творчым шляху, пройдзеным мастаком, шляху часам цяжкім, але заўсёды звернутым да людей.
А. Ойстрах,
газета “Літаратура і мастацтва” 08.12.1978 г.
Яўген Яўстафавіч Красоўскі адзін з мастакоў, якія вызначылі твар беларускага выяўленчага мастацтва ХХ стагоддзя. Па яго жывапісных работах можна чытаць гісторыю краіны, народа.
Нарадзіўся Красоўскі ў 1908 годзе ў Баку. Уся яго творчая дзейнасць была звязаная з Беларуссю. Свой шлях як мастак ён пачаў у Беларускім дзяржаўным тэатры, дзе ў 1924 годзе шаснаццацігадовым юнаком працаваў дэкаратарам пад кіраўніцтвам А. Марыкса. Тэатр захапіў Красоўскага, далучыў яго да прыгожага свету, які называецца мастацтвам. Ім зачараваны, ён прыйшоў і ў студыю на рабфаку, якой кіраваў вядомы мастак К. Ціханаў, у майстэрню Я. Кругера, потым дарогі творчасці прывялі ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Вучыўся там у Х. Фогга, В. Руцая, М. Эндэ, В. Хрусталёва, Д. Камарова. Не было ніводнай мастацкай выставы, дзе б ён не паказваў свае новыя работы.
Шырокі творчы дыяпазон майстра. Тэматычная карціна і пейзаж, партрэт і нацюрморт, шматлікія графічныя работы ад афортаў, лінагравюр да экслібрыса, паэтычныя акварэлі даюць уяўленне аб яго мастацкіх прыхільнасцях і магчымасцях. У творах Красоўскага жыццё краіны, працоўны энтузіязм людзей трыццатых гадоў (карціна «На работу»), гераізм і трагедыя Вялікай Айчыннай вайны («Зямля», «Салют героям»), рамантыка мірнай працы («Рыбацкі пасёлак», «На Віцебскім камбінаце»), вобразы сучаснікаў (партрэты сталевара трактарнага завода П.Ісачанкі, шахцёра Салігорска В.Сафронава, мастакоў М.Станюты, М.Філіповіча, А.Тычыны).
Працы Красоўскага заўсёды з паэтычным настроем. Гэта адчуваеш у невялікіх і на дзіва адухоўленых пейзажах, сакавітых па каларыце нацюрмортах, вытанчаных у колеры акварэлях. Жыццёвы аптымізм, творчая энэргія ў кожным творы мастака на спартыўную тэму, у пейзажах Мінска і Рыгі, Лондана і Берліна, Прагі і Парыжа.
Па жыцці і творчасці Яўгена Красоўскага доўгія гады звязвала сяброўства з мастаком Міколам Тарасікавым. У сяброўстве ён быў вельмі абаяльным чалавекам, умеў быць патрэбным і карысным сябру, любіў гумар, меў шчодрае на дабрыню сэрца.
Ёсць мастакі, чые творы паміраюць са смерцю творцы. Творы ж Красоўскага не толькі вытрымалі выпрабаванне часам, але актыўна працуюць на сённяшні дзень. Яны вызначаюцца жывапісным майстэрствам, сакавітым і гучным мазком, непасрэднасцю самых звычайных матываў. Гэта быў сапраўдны мастак. Быў і застаўся.
А. Ойстрах,
з уступнага артыкула да выдання
“Мастакi Беларусi ХХ стагоддзя. Яўген Красоўскi. Альбом”. Мiнск. ТАА “Медиал”. 2008 г.