Ізраіль Элентух

У 1930 годзе Я. Красоўскі паспяхова закончыў Віцебскае  мастацкае вучылішча. Яго дыпломная работа “Фабрыка акуляраў” праўдзіва адлюстроўвала працу рабочых, іх жыццё і быт ва ўмовах савецкай улады. Карціна была напісана на базе непасрэднага вывучэння вытворчага працэсу ў адным з цэхаў Віцебскай фабрыкі акуляраў. Цікава адзначыць, што тэма працы, вырашаная ў гэтым яшчэ ў многіх адносінах вучнёўскім творы, стане пасля асноўнай у многіх палотнах Я.Красоўскага. 

Тэма працы ў той час ужо не была новай у беларускім мастацтве. Яшчэ ў 1927 годзе беларускія мастакі ўзяліся за напісанне серыі палотнаў, якія паказалі б чалавека за працай. Многія мастакі пабывалі на прамысловых прадпрыемствах і ў вёсках. У выніку чаго былі напісаны карціны: «Плытагоны» (В. В. Волкаў), «Работніцы» (М. Г. Эндэ), «Апрацоўка ільну» (М. М. Філіповіч), «Дзіцячая калонія» (Я. М. Кругер) і іншыя.

Тэма працы была ўзнята і многімі іншымі мастакамі, работы якіх экспанаваліся на З-й Рэспубліканскай выстаўцы (1929 г). Да іх адносяцца: «Будаўніцтва» У. Я. Хрусталёва, «Ліцейная майстэрня» М. І. Гусева, «Брукары» А. М. Тычыны і іншыя.

Стварэнне карцін, якія адлюстроўвалі сацыяльныя зрухі, што адбываліся тады ў горадзе і вёсцы, мела вялікае значэнне. Пад такім пунктам гледжання і трэба разглядаць з'яўленне твораў Я. Красоўскага «Дажынаюць» і «Выхад на працу». 

«У карціне «Дажынаюць», -- расказвае Красоўскі пра першыя гады сваёй мастацкай практыкі,-- мне хацелася перадаць мовай жывапісу тое новае, сапраўды рэвалюцыйнае, сведкай якога быў я сам, назіраючы і вывучаючы жыццё вёскі ў дні калектывізацыі». На карціне паказан момант працы ў полі: тры конныя жняяркі жнуць высокае спелае жыта, а следам ідуць калгасніцы-- вяжуць снапы. Карціна перадае рытм, зладжанасць у працы; добра перадана залацістасць жытняга поля, спякота летняга дня. Аб прыкметных станоўчых зрухах у творчасці мастакоў Беларусі сведчыла адкрытая ў Мінску ў тым жа 1932 годзе 5-я Рэспубліканская мастацкая выстаўка. З карцін, прысвечаных тэме працы, якія экспанаваліся на выстаўцы, вылучаліся «Трактар у вёсцы» М. М. Філіповіча, «Сустрэчны» В. К. Дзежыца, «Плытагоны» А. М. Шаўчэнкі.

На гэтай жа выстаўцы экспанавалася праца Я. Красоўскага «Трамвай у рабочы квартал». Сюжэт карціны раскрываў тыя перамены ў жыцці горада, якія адбываліся на вачах у мастака. У перыяд першых пяцігодак карэнным чынам мяняўся воблік сталіцы Беларусі.Мінск станавіўся прамысловым, культурным і адміністрацыйным цэнтрам рэспублікі. Будаваліся карпусы новых фабрык і заводаў, жылыя дамы, школы, бальніцы, клубы, культурна-бытавыя памяшканні. У 1929 годзе ў Мінску замест конкі быў пушчан трамвай. Так старое, аджыўшае ўступала дарогу новаму, прагрэсіўнаму. Гэтае новае і паспрабаваў паказаць у сваёй невялікай рабоце Я. Красоўскі.

… Вуліца на ўскраіне горада. Невялікія драўляныя домікі. Тут пракладваюць новую трамвайную лінію. На пярэднім плане, займаючы амаль усю вышыню палатна, -- перасоўная вышка з людзьмі, якія падвешваюць кантактны провад.

Дзякуючы добраму кампазіцыйнаму рашэнню сюжэт карціны быў зразумелы гледачу. Карціна «Трамвай у рабочы квартал» была цёпла ўспрынята грамадскасцю, рэпрадукцыі з яе змяшчаліся ў цэнтральным друку.

У 1934 годзе Саюз мастакоў БССР арганізаваў персанальную выстаўку работ Я.Красоўскага. На выстаўцы было экспанавана, акрамя вядомых нам карцін, многа эцюдаў, замалёвак і эскізаў для неажыццёўленых яшчэ кампазіцый. 

У 1935 годзе Я. Красоўскі паступіў у Кіеўскі мастацкі інстытут. Аднак праз год ён пакінуў вучобу і зноў вярнуўся ў Мінск.Выстаўка работ нашых мастакоў на першай дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве ў 1940 годзе паказала бясспрэчныя поспехі беларускага выяўленчага мастацтва.На дэкаднай выстаўцы экспанавалася 18 работ мастака, галоўным чынам пейзажы. Пад уплывам народнага мастацтва Я. Красоўскі ў 1940 годзе напісаў вялікую карціну «Беларускія ткачыхі». Сюжэт твора вельмі просты. У звычайнай сялянскай хаце, на фоне светлага прамавугольніка акна, за драўляным ткацкім варштатам працуе маладая дзяўчына. Тут жа дзве яе сяброўкі-памочніцы.

У час Вялікай Айчыннай вайны Я. Красоўскі знаходзіўся ў эвакуацыі ў Новасібірску. Там ён працаваў мастаком у гарнізонным Доме Савецкай Арміі і прымаў актыўны ўдзел у рабоце мясцовага аддзялення Саюза мастакоў СССР. 

На адкрытай тэматычнай выстаўцы «Мастакі Сібіры ў дні Вялікай Айчыннай вайны», якая была арганізавана ў Новасібірску супрацоўнікамі Дзяржаўнай Трацякоўскай галерэі, Я.Красоўскі экспанаваў адну са сваіх першых карцін, створаных ім у гады вайны-- «Салют герою». Карціна адлюстроўвае драматычны момант развітання групы байцоў са сваім загінуўшым франтавым таварышам. У час Вялікай Айчыннай вайны Я. Красоўскі ўдзельнічаў у выпуску «Вокан ТАСС». Яму належыць цэлы шэраг запамінальных лістоў гэтай серыі, дзе ў маляўнічай, яркай форме былі пададзены заклікі да савецкіх людзей аддаваць усе свае сілы для разгрому ворага. 

У 1944 годзе ў залах Дзяржаўнай Трацякоўскай галерэі ў Маскве была адкрыта мастацкая выстаўка, прысвечаная 25-годдзю Беларускай ССР. Тэматыка выстаўленых работ, у асноўным, была прысвечана паказу гераічных спраў савецкіх людзей на фронце і ў тыле ворага.

На выстаўцы была паказана вялікая колькасць работ Я. Красоўскага: тэматычная карціна «Зямля», партрэты партызан і многа пейзажаў, што сведчыла аб высокай творчай актыўнасці мастака. Вялікую цікавасць гледача выклікала карціна «Зямля». Сюжэтам для яе паслужыў адзін з эпізодаў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Савецкія людзі пакідаюць абжытыя мясціны і ідуць на ўсход. Навокал разбурэнні. На гэтым фоне, у цэнтры, на пярэднім краі палатна, буйным планам пададзена простая жанчына, якая прытуліла да сябе маленькага сына. У вачах жанчыны -- невыказнае гора і нянавісць да лютага ворага. Справа стары дзед кладзе ў хусцінку жменю роднай зямлі. Карціна «Зямля» прыцягвае да сябе ўвагу, выклікае вялікую эмацыянальную ўсхваляванасць. Адсутнасць абсталяванай майстэрні, патрэбнай натуры не далі магчымасці Я.Красоўскаму закончыць карціну ва ўсіх дэталях, і таму яна ўспрыймаецца як добра скампанаваны эскіз. Але яна яскрава сведчыць аб уменні Я. Красоўскага будаваць карціну, знаходзіць для яе цікавую кампазіцыйную завязку.

Мастак стаў глыбей вывучаць жыццё, сур'ёзней і патрабавалней падыходзіць да сваёй творчасці, шукаючы кожны раз арыгінальнае, толькі яму аднаму ўласцівае, вобразнае і мастацкае рашэнне тэмы. У 1949 годзе Я. Красоўскі напісаў адну з найбольш вядомых карцін -- «Брыгада выдатнай якасці», у якой паказана працоўнае жыццё рабочага калектыву Мінскага тонкасуконнага камбіната. З вялікім захапленнем працаваў мастак над гэтым творам. Доўгімі гадзінамі не выходзячы з цэхаў завода, вывучаў тыпаж, імкнучыся запомніць усе падрабязнасці вытворчага працэсу. Працуючы над гэтай карцінай, Я. Красоўскі многа ўвагі аддаў вобразнай характарыстыцы сваіх герояў. Асабліва многа часу адняў у яго вобраз дзяўчыны-работніцы, пададзенай на пярэднім плане карціны. І гэта натуральна: яе фігура з'яўляецца асновай усёй кампазіцыі. Гэты вобраз -- адзін з найбольш удалых у творчасці мастака. 

На выстаўку 1951 года Я. Красоўскі прадставіў вялікую кампазіцыю «Узнагарода гераіні». У цэнтры карціны, за святочна прыбраным сталом, пададзена "віноўніца" ўрачыстасці -- узнагароджаная гераіня. Тут жа ўсе тыя, хто прыйшоў павіншаваць яе, - сяброўкі, маладыя хлопцы, вайсковец, старшыня калгаса, рахункавод, бацька і маці дзяўчыны.


Карціну «Прыёмка рыбы» Я. Красоўскі пісаў на возеры Нарач, дзе яму не раз даводзілася назіраць за работай членаў рыбалоўнага калгаса. На падставе сабранага натурнага матэрыялу мастак праўдзіва перадаў эпізод з працоўнага жыцця рыбакоў.

Вялікую цікавасць мае і карціна Я. Красоўскага «Даяркі». Адна з жанчын нясе ў левай руцэ поўнае вядро малака, правая яе рука прыўзнята, а галава павернута ў бок сяброўкі. Усе гэтыя рухі натуральныя і апраўданы. Палатно насычана паветрам, святлом…

«Летапісец Мінскага трактарнага» --так аднойчы ў гутарцы назваў Я. Красоўскага адзін са старых рабочых ліцейнага цэха завода. Гэта і сапраўды так. Мастак на заводзе стаў сваім чалавекам, яго ведаюць многія рабочыя, якія ахвотна пазіруюць яму, усяляк імкнуцца дапамагчы, парадзіць. У выніку чаго ён стварыў шэраг карцін, у якіх паказвае жыццё працоўнага калектыву гіганта беларускай аўтатрактарнай прамысловасці. Многа эскізаў, эцюдаў, замалёвак сцэн вытворчасці, груп і асобных рабочых стварае мастак непасрэдна ў цэху.

Адмаўляючыся ад стандартных прыёмаў і матываў, Я. Красоўскі робіць многа эскізных варыянтаў, пакуль не выкрышталізуецца канчатковае кампазіцыйнае і каларыстычнае рашэнне. На матэрыялах вывучэння жыцця завода Я. Красоўскі напісаў карціны «Выплаўка сталі» (1957 г.), «Электракаршчыца» (1958 г.), “На Мінскім трактарным» (1958 г.), а таксама шэраг партрэтаў перадавікоў працы.

Карціна «Выплаўка сталі» была экспанавана на юбілейнай мастацкай выстаўцы, прысвечанай 40-й гадавіне Вялікага Кастрычніка. Карціна пераносіць нас у атмасферу мэтанакіраванай і радаснай працы калектыву рабочых сталеліцейнага цэха Мінскага трактарнага завода. У вялікім, сучаснага тыпу цэху размешчаны печы для варкі сталі, велізарны молат, рухомы кран. На пярэднім плане бяруць пробу сталі. Я. Красоўскі так удала размясціў дзеючых асоб, што карціна ўспрыймаецца як сапраўдная жыццёвая з'ява. Глядач верыць аўтару, што менавіта так вызначаецца гатоўнасць сталі, што вопыт і навык рабочых дазваляе ім вызначыць прыгоднасць сталі, не чакаючы вынікаў лабараторнага аналізу.

Агульнаму ўражанню ад паказанага вытворчага працэсу садзейнічае колернае рашэнне карціны. Яркія плямы расплаўленай сталі, клубы белай пары, дзённае святло, якое льецца з вялікага фабрычнага акна, халодны бляск металу агрэгатаў -- усё гэта стварае пэўную напружанасць, якую выклікае і сам змест карціны.Амаль два гады з перапынкамі працаваў мастак над гэтым творам, які поўнасцю напісаны на аснове жыццёвага назірання. 

У карціне «На Мінскім трактарным» Я. Красоўскі нібы працягвае свой вытворчы расказ, пачаты ў папярэдняй карціне: з канвеера зборнага цэха сыходзяць гатовыя трактары «Беларусь». На пярэднім плане група рабочых канчае апошнія аперацыі, і чарговы трактар вось-вось выедзе на заводскі двор. Злева на канвееры -- пярэднія колы другога трактара -- бесперапынная плынь машын. У перспектыве, скрозь прасветы вялікіх варот, відаць двор, застаўлены гатовымі трактарамі. 

Праблема раскрыцця вобраза нашага сучасніка, узнятая Я. Красоўскім у сюжэтным партрэце закройшчыцы фабрыкі імя М. І. Калініна Галіны Чарняк, знайшла сваё далейшае вырашэнне ў партрэтах наватараў вытворчасці, напісаных мастаком непасрэдна ў цэхах завода.Цёпла, з вялікім пачуццём малюе мастак партрэт перадавога сталявара трактарнага завода П. А. Ісачанку -- простага, непрыкметнага на від маладога рабочага.«У вобліку сталявара, -- расказвае мастак, -- мне хацелася перадаць духоўную сілу, знітаванасць фізічных і інтэлектуальных якасцей, дапытлівасць розуму перадавога рабочага». Сталявар паказаны каля печы, яркі бляск вольтавай дугі асвятляе яго натхнёны твар. Густымі шырокімі мазкамі аўтар дасягае скульптурнасці ў лепцы твару.

Па сіле характарыстыкі, па якасці жывапісу партрэт П. А. Ісачанкі - адзін з лепшых у серыі партрэтаў, створаных за апошні час беларускімі мастакамі. Партрэт набыты Дзяржаўным мастацкім музеем БССР.

Побач з тэмай аб нашым сучасніку Я. Красоўскага цікавіць і тэма гераічнага мінулага беларускага народа. На працягу некалькіх год мастак працуе над стварэннем вобраза выдатнага беларускага рэвалюцыянера-дэмакрата Кастуся Каліноўскага. Гэтая тэма не новая ў беларускім мастацтве. Вобраз Каліноўскага натхняў многіх нашых мастакоў, скульптараў і графікаў.

Многа жыццёвых назіранняў мы бачым у жанравых карцінах Я. Красоўскага. Невялікія па памерах, нескладаныя па сюжэту, але выкананыя з цеплынёй і стараннасцю, яны апавядаюць аб паўсядзённым жыцці простага савецкага чалавека.

У карціне «Бабулька і ўнук» (1947 г.) аўтар расказвае аб шчырай любасці старэнькай бабулі да хворага ўнука. Яна сядзіць ля яго пасцелі, чытае яму кнігу, а той, падклаўшы ручкі пад галаву, уважліва слухае. З густам выкананы інтэр'ер пакоя.

Вельмі добрае ўражанне пакідае вядомы твор Я. Красоўскага «Ля карціны Пукірава «Няроўны шлюб» (1956 г.). Думка напісаць карціну на гэты сюжэт узнікла ў аўтара пасля неаднаразовага наведвання Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, дзе ў адным з залаў экспануецца аўтарскае паўтарэнне вядомай работы рускага мастака мінулага стагоддзя Пукірава «Няроўны шлюб». Ля гэтай карціны, якая раскрывае дзікія норавы буржуазнай маралі і паказвае засілле грошай, заўсёды шмат людзей.


Вынікам непасрэднага вывучэння жыцця з'явілася карціна Красоўскага «На пабыўку».

...Пагодлівы летні дзень. Ускраіна вёскі. Па прасёлачнай дарозе крочыць матрос-балтыец, які прыехаў на пабыўку. Побач з ім ідзе дзяўчына, чуць ззаду -- хлопец нясе чамадан госця. Тут жа нейкая бабулька вядзе за руку ўнука. У цені, абапёршыся на пляцень, дзяўчына раўніва пазірае на матроса і яго спадарожніцу...

Пейзаж, які служыць фонам для сцэны, выканан маляўніча, па-майстэрску. У ім добра перадана адчуванне прасторы, паветра, мяккія рысы беларускай прыроды.

Часта Я. Красоўскі выязджае на летнія эцюды ў раённы цэнтр Беразіно Мінскай вобласці. Тут, ля берагоў Бярозы, якая нясе свае празрыстыя спакойныя воды сярод палёў, лугоў і задумлівых лясоў, мастак стварыў многа эцюдаў, імкнучыся адлюстраваць і ўзвялічыць прыроду роднага краю. Карціна “На пабыўку» была задумана мастаком у той час, калі ён працаваў над серыяй летніх эцюдаў на берагах Бярозы.

Я. Красоўскі многа працуе і ў жанры пейзажнага жывапісу. Многія работы сведчаць аб яго здольнасці дасканала перадаваць стан прыроды, адчуваецца ўменне майстра перадаваць колерныя і прасторавыя суадносіны, выклікаць у гледача замілаванне да роднага краю.

Самым лепшым пейзажным творам Я. Красоўскага з'яўляецца карціна «На берагах Бярозы» (1954 г.). З нейкай асаблівай пранікнёнасцю Я. Красоўскі змог перадаць у вельмі простым матыве прыроды яе вечную прыгажосць, апаэтызаваць яе. І баржы на пярэднім плане, і дрэвы, і хаткі, якія адбіваюцца ў спакойнай вадзе, ствараюць плаўныя рытмы. Роўнае святло, якое змякчае фарбы, надае карціне адчуванне спакою і гармоніі. Калі глядзіш на гэтае палатно, то міжволі ўспамінаюцца словы народнага беларускага паэта Янкі Купалы:

«Плыве у свет рака Бяроза,

Плыве сягоння, як і ўчора,

То паміж ніцых вербалозаў,

  То між адвечных пушчаў-бораў


Плыве рака Бяроза плаўна,

Плыве, мінае горы, долы:

На берагах яе спраддаўна

Паўсталі гарады і сёлы».


Карціна «На берагах Бярозы» ўключана ў пастаянную экспазіцыю Дзяржаўнага мастацкага музея БССР.

Па майстэрству перадачы пэўнага стану прыроды вызначаюцца і многія іншыя пейзажы мастака, напісаныя ім у розныя гады. Да іх, перш-на-перш, трэба аднесці «Вечар» (1943 г.), «Перад бурай» (1945 г.), «Вечар на моры» (1946 г.), «Вясна», «Белавежская пушча» (1947 г.), «Паўднёвая ноч», «На золаку» (1948 г.), «Цёплы дзень» (1949) т.) «Артэк”, (1951 г.), «Бяроза раніцой», «Перад дажджом» (1954 т.), «Пецяргоф. Вялікі каскад» (1956 г.) і г. д.

Я. Красоўскі добра адчувае гарадскі пейзаж з яго архітэктурнымі ансамблямі, рухам транспарту, мноствам людзей, паскораным рытмам жыцця. Аб гэтым сведчаць такія работы мастака, як «Мінск. Прывакзальная плошча», «Пляц Волі ў Мінску», некаторыя працы, якія адлюстроўваюць хараство праспектаў і плошчаў Ленінграда, Вільнюса і іншых гарадоў.

Я. Красоўскі прабуе свае сілы ў многіх жанрах і ў рознай тэхніцы. Ёсць у яго добра напісаныя нацюрморты. Вельмі характэрны ў гэтых адносінах яго «Нацюрморт з цымбаламі» (1954 г.), які экспанаваўся на дэкаднай выстаўцы ў Маскве ў 1955 годзе. Звяртаецца майстра і да партрэта. Заслужаным поспехам карыстаюцца яго акварэльныя партрэты старых камуністаў, удзельнікаў трох рэвалюцый А. Чарнухіна, Н. Сядых і І.Фёдарава, беларускага паэта А. Астрэйкі, народнага артыста СССР У. Уладамірскага і іншыя. Ёсць у Я. Красоўскага і лінагравюры. Гэта -- «Порт», «Яхты», Прыстань» (1957 г.). Тэхнікай энкаустыкі выкананы ў яго «Партрэт хлопчыка» (1944 г.), нацюрморт «Кветкі» (1945 г.), карціна “Адам Міцкевіч у Гурзуфе» (1959 г.).  


І.Б.Элентух. 

Урывак з кнігі “Я.Я.Красоўскі”. Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Мінск. 1959 г.