Літаратура і мастацтва

Два дні 3 і 4 сакавіка на адкрытым партыйным сходзе беларускія мастакі абмяркоўвалі матэрыялы партыйнага друку аб адной антыпатрыятычнай групе тэатральных крытыкаў. З дакладам выступіў старшыня Саюза совецкіх мастакоў БССР Я. Зайцаў. 

Дакладчык адзначыў, што матэрыялы, якія выкрываюць эстэтаў, фармалістаў і бязродных касмапалітаў, маюць вялікае палітычнае значэнне для беларускіх мастакоў…

Дакладчык спыняецца на паводзінах мастака Тарасікава. На ІІ з’ездзе мастакоў БССР ён гаварыў, што нам трэба вучыцца ў французскага фармаліста, буржуазнага мастака Сязана. Свае тэарэтычныя разважанні М.Тарасікаў імкнецца рэалізаваць і на практыцы. У творчай дзейнасці ён прытрымліваецца эцюднасці, фармальнага эксперымента, аддае перавагу кампазіцыі перад зместам, шукае нейкіх незразумелых каляровых плям, якраз таго, што ўласціва рэакцыйнаму буржуазнаму мастацтву. Тарасікаў скаціўся на пазіцыі касмапалітызма. Мала аддавалася ўвагі нашымі мастакамі і барацьбе з імпрэсіянізмам, як ідэалістычным кірункам, які прыводзіць да футурызма, кубізма, супрэматызма і інш…

Красоўскі - прыхільнік Сязана. Аб гэтым ён неаднаразова гаварыў у сваіх выступленнях і ў прыватных гутарках. Яго эцюды фармалістычныя. Красоўскі ў стварэнні карціны ідзе не ад зместу, а ад фармальных момантаў, ад палітры, ад спалучэння светаценяў і г. д. Красоўскі ўвесь час, і нават на гэтым сходзе, абараняў прынцыпы імпрэсіянізма. Нам павінна быць сёння сорамна, што мы своечасова не раскрытыкавалі памылак гэтага мастака, а глядач заўважыў іх і выступіў з лістом на старонках газеты “Літаратура і мастацтва».

Нельга разглядаць, - гаворыць мастак І.Ахрэмчык, - імпрэсіянізм безыдзейна, з пункту гледжання голай тэхналогіі. Імпрэсіянізм з’яўляецца творчым метадам буржуазнага мастацтва, яго ідэалістычным светапоглядам. Гэта трэба зразумець Тарасікаву, Красоўскаму, якія ўсё яшчэ не могуць адмовіцца ад імпрэсіянізма ў сваёй творчасці. Выступленне Тарасікава стварыла ўражанне, што ён застаецца на старых пазіцыях, прытрымліваецца эстэцка-фармалістычных прыёмаў творчасці, абараняе імпрэсіянізм. Час зразумець, што французскі мастак эстэт і фармаліст Сязан прапагандаваў не толькі голую форму. Імпрэсіянізм мае сваю ідэалогію, варожую нам. Я павінен сказаць, што рэцыдывы фармалістычных уплываў мелі месца ў свой час і ў маёй творчасці. З цягам часу я паступова перамог гэтыя хібы. Трэба сказаць, што фармалістычныя памылкі ёсць у некаторых нашых мастакоў, але яны не хочуць выпраўляць іх.


Урывак з артыкула ў газеце “Літаратура і мастацтва”, 12 сакавіка 1949 г.