Віктар Круглянскі

Здабытая маладосць

Размова пра любога мастака патрабуе свайго ключа. У адным выпадку гэта можа быць біяграфія. У другім - аналіз палотнаў  і толькі іх. У трэцім - кніга водгукаў на юбілейнай выставе, поўная тых самых добрых слоў, якія людзі сцеражацца сказаць адно аднаму ў вочы, і лаянкі, ад якой даводзіцца прымаць валідол. “Ключ” да Яўгена Яўстафавіча Красоўскага, заслужанага работніка культуры БССР - гэта людзі, аб’ём і характар зносін. 

Красоўскі ўвесь “у людзях”, як рыба ў луске. Сустрэча з ім заўсёды пераўтвараецца ў свята: так вольна, захоплена, заразліва, думаючы ўслых, не падаўляючы суразмоўцу, а далучаючы да сумеснага роздуму, гаворыць ён сам; так радасна ўмее слухаць, так ненавязліва і прыязна - назіраць. Для яго, думаю, наогул няма нецікавых людзей.  Ён аднолькава аддаецца размове з хлопчыкам (у свае семдзесят год ён арганізуе конкурсы дзіцячых малюнкаў на асфальце), з заўзятым кнігалюбам (лепшыя з “імянных” экслібрысаў у Беларусі створаны ім), з дырыжорам камернага аркестра, з ткачыхай-пенсіянеркай. Малады здольны жывапісец робіць яшчэ першыя крокі ў мастацтве, а Красоўскі ужо піша яго партрэт і пераконвае сяброў паглядзець і ацаніць яго работы. Толькі што з’явілася цікавая кніга Лапухова “Гісторыя італьянскага фашызма”, Яўген Яўстафавіч першым прапануе яе гісторыку-аспіранту. У Мінск прыязджае Вільнюскі дыксіленд - Красоўскі з перекананасцю прафесіянала тлумачыць, што новага, арыгінальнага прынеслі ў савеці джаз гэтыя музыканты. Ён здзіўлены, калі ўрач-псіхіятар прызнаецца, што не чытаў новай кнігі І.Кона “Адкрыццё “Я”, і пераконвае яго ў тым, як патрэбна гэта кніга для разумення псіхалогіі чалавека. Жывапісцы, на жаль, вельмі часта не дасведчаны ў сумежных мастацтвах, тым больш у навуках.

Кола музычных прыхільнасцяў Красоўскага - ад Палестрыны і Арланда дзі Ласа да Вэбера, Пендэрэцкага, Месіяна. Кола яго літаратурных захапленняў - ад Інесы дэ ла Крус і Ганса Сакса да Кобэ Абэ і Картасара, Мечыслава Яструна і Антані Слонімскага. Ён чытаў Тацыта і Макалея, Грамшы і Швейцэра…

Ведае трыццаць спосабаў прыгатавання кавы і тэхналогію пераплётнай справы. Усё гэта ўваходзіць у яго мастацтва шматлікасцю зацікаўленасцей і асацыяцый, асаблівай духоўнасцю, шчодрай адкрытасцю ў свет.

Надзвычай шырокі творчы дыяпазон мастака - тэматычная карціна і пейзаж, партрэт і нацюрморт, шматлікія акварэлі  і графічныя работы - ад афортаў, лінагравюр, манатыпій да экслібрыса (выканаў больш за 150 кніжных знакаў), нарэшце, кераміка.  Яго карціны адлюстроўвалі жыццё краіны 30-х гадоў, гераізм і трагедыю Вялікай Айчыннай вайны, пасляваенную стваральную працу. Ім створана цэлая партрэтная галерэя (жывапіс і больш за 300 афортаў) нашых сучаснікаў - работнікаў вытворчасці, грамадскіх дзеячаў, спартсменаў, работнікаў культуры і навукі. Усе гэтыя гады, пачынаючы з даваенных, ён аддае свае веды і вопыт моладзі, спачатку ў сярэдняй школе, потым у Рэспубліканскім Палацы піянераў, у розных мастацкіх студыях. Красоўскі заўсёды быў добрам мастаком - сумленным, прафесійным, спагадлівым, зацікаўленым. У яго творчасці заўсёды была асаблівая духоўная еднасць, мастакоўская непаўторнасць. Пра яго жывапіс і графіку ужо ў 50-ых гадах можна было гаварыць “свет Красоўскага”. У пачатку 60-х гадоў работы Красоўскага сталі маладзецкі палкімі, пераканаўчымі, нечаканымі, у іх загучалі, ужо назаўсёды, “ і бажаство, і натхненне”. Нарэшце, у мастацтве гэта бывае не так ужо рэдка - тут здольнасць да адкрыццяў часта прыходзіць з узростам, калі досвед жыцця, досвед душы крысталізуюцца ў тэму і нараджаюць нязгасны патаемны запал.

“Жывапісец кандэнсуе ў сабе час,- гаворыць Красоўскі.- У мастацтве важнае не дзеянне, а ўздзеянне; не адлюстраванне, а ўражанне… Жывапіс фіксуе імкненне душы мастака, сейсмаграфічна дакладна ловіць адценні і ваганні думкі”...

Думаючы мастак Красоўскі як раз імкнецца злавіць, зразумець многія рэчы, якія памагаюць убачыць тое, што адбываецца ў яго душы пры сутыкненні з непрадбачанасцю, з яго непадобнасцю на звыклае, з яго падземнымі штуршкамі - то ствараючымі, то разбураючымі. Яго жывапіс, як і графіка,- чым далей, тым болей паказвае працэс роздуму над перажываннем, уражаннем…

Красоўскі - не песіміст і не скептык. Ён - жыццелюб, ачараваны людзьмі і светам, перакананы ў тым, што жыццё - добрае і жыць добра… Яго партрэты і пейзажы дыхаюць адухоўленасцю душэўнага здароўя, суразмернай зразумеласцю непаспешлівай на суд увагі, адчуваннем адвечнага аднаўлення жыцця - і ў радасці, і ў пакутах, што прыносіць добрыя кветкі, калі няма азлаблення на глебу, у якой расцеш. Погляд Красоўскага - гэта позірк садоўніка, які назірае, як цвіце сад, і заўсёды гатовага ахоўваць яго ад шкоднікаў…

Маладосць, здабытая з узростам, - гэта ўжо назаўсёды. Гэта час, калі ўсё ўжо наперадзе. Ззаду - шмат адоленых вяршынь, і мастак пастаянна ў дарозе.


Круглянскі Віктар Феліксавіч.
З артыкула для АДН на Польшчу. 1979 г.