Даты і факты

Даты і факты з біяграфіі Яўгена Красоўскага

1908 -  Яўген Яўстафавіч Красоўскі нарадзіўся ў горадзе Баку, дзе бацька яго, па нацыянальнасці беларус, у гэты час быў паштова-тэлеграфным служачым. 

1922 - сям'я Красоўскага пераязджае ў Мінск. Яўген паступае вучыцца ў вячэрнюю сярэднюю школу рабочай моладзі. Адначасова працуе ў 1-м Беларускім драматычным тэатры (БДТ-1) у майстэрні тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва пад кіраўніцтвам мастакоў О. П. Марыкса і К. С. Ціханава.

1927 - паступае ў Беларускі дзяржаўны мастацкі тэхнікум у г. Віцебску. Яго выкладчыкамі былі 

М. Г. Эндэ, Ф. А. Фогт, В. М. Руцай. Становіцца членам узнікшай у 1929 г. мастакоўскай групіроўкі - РАМБ (Рэвалюцыйнае аб'яднанне мастакоў Беларусі), удзельнічае ў выстаўках.

1930 – заканчвае тэхнікум, атрымлівае званне мастака за дыпломную працу «Фабрыка акуляраў».

1935 - 1936 гг. Я. Красоўскі ўдасканальвае сваё майстэрства ў Кіеўскім мастацкім інстытуце пад кіраўніцтвам прафесараў А. М. Чэркаскага і К. Н. Элева.

1941 - Я. Красоўскі знаходзіцца ў эвакуацыі ў г. Новасібірску. Там працуе мастаком у гарнізонным Доме Савецкай Арміі і прымае актыўны ўдзел у рабоце мясцовага аддзялення Саюза мастакоў СССР.  Для «Вокан ТАСС», якія былі баявым органам палітычнай сатыры, стварае шэраг лістоў гэтай серыі.

1942 - Я. Красоўскі па выкліку СНК БССР пераязджае ў г. Маскву на працу ў якасці загадчыка аддзела мастацкага афармлення Белдзяржвыдавецтва. Адначасова супрацоўнічае ў беларускім сатырычным часопісе «Партызанская дубінка».

1944 - На мастацкай выстаўцы ў Маскве, прысвечанай 25-годдзю Беларускай ССР, экспануюцца многія творы Я. Красоўскага. Адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў мастак вяртаецца дадому.

1949 – Красоўскі піша найбольш вядомыя і найбольш удалыя творы першых пасляваенных год - «Брыгада выдатнай якасці», «Закройшчыца Галя Чэрняк».

Многа сіл аддае творам працоўнай тэматыкi: «Тонкасуконны камбінат» (1948), «Выплаўка сталі» (1957), «Кавальскі цэх» (1958), «За прасніцай» (1960), «Сталелiцейны цэх» (1962), «Даяркі» (1964), «Даяркі калгаса імя Гастэлы» (1965), «Экспартны цэх МТЗ» (1966), «Дзяўчыны камвольнага камбіната» (1975), «На Віцебскім камбінаце» (1977). 

Плённа працуе Я. Красоўскі ў жанры пейзажнага жывапісу і нацюрморта.  Стварае жанравыя карціны «Бабуля і ўнук» (1947 г.), «Смутак» (1953 г.), «Ля карціны «Няроўны шлюб» (1956 г.). 

Пiша шэраг твораў, прысвечаных Мінску: «Мінск. Камсамольская вуліца» (1958), «Былая Камароўка» (1963), «Ускраіна Мінска» (1964). «Мінск. Вуліца Сурганава» (1977) «Мінск будуецца» (1977).

Пастаянна і плённа працуе ў  жанры партрэта: партрэт партызана Пятра Кашэ (1944), «Партрэт дзяўчыны» (1944), партрэт мастака М. М. Філіповіча (1946), «Партрэт Героя Савецкага Саюза В. І. Казлова» (1948), партрэт вядучага сталявара МТЗ П. І. Ісачанкі (1957), партрэт мастака М. П. Станюты (1963).

З цікавасцю ставіцца да спорту, наведвае розныя спаборніцтвы, удзельнічае ў рабоце спорткамітэтаў. Стварае нямала партрэтаў спартсменаў: «Перад раундам» (1965), «Фехтавальшчыца Э. Чудакова» (1969), «Член зборнай па паруснаму спорту Э.Цітавец» (1975).

Асабліва часты матыў спартыўнай серыі Красоўскага – яхты. Iм прысвечаны карціны «Яхты на прычале» (1955), «Спаборніцтва яхт» (1956), «Яхты на старце» (1965), «Бялее ветразь» (1966), «Перад стартам» (1971), «Яхта ў моры» (1972), «Яхтклуб» (1977).

Працуе ў экслiбрысе,  плённа  займаецца акварэллю. Звяртаецца i да манументальнага мастацтва. Сумесна с М.Тарасiкавым распiсвае кiнатэатр “Беларусь” у Мiнску, з В.Занковiчам i Э.Левiным - планетарый i iнш.

Памёр Я. Я. Красоўскі 14 ліпеня 1980 года ў сваёй майстэрні ў час працы над групавым партрэтам беларускіх мастакоў і мастацтвазнаўцаў.

Творы Красоўскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у прыватных асоб.