Англiя

Кожную сваю паездку Яўген Яўстафавіч Красоўскі выкарыстоўваў для работы. Нават калі ехаў у складзе вялікай турыстычнай групы. I спакусу проста пахадзіць, атрымаць уражанні перамагала звычка заносіць убачанае  ў нататнік,  на паперу, на палатно. Менавіта так ён падарожнічаў па Англіі: з алоўкам, ручкай, фарбамі. Гэта былі сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя.

“Прыбыўшы ў порт Англіі Тылбэры, аўтобусамі накіраваліся ў Лондан, які ад порта знаходзіцца ў пяцідзесяці пяці кіламетрах. Але не паспелі крыху праехаць, як пачалося прадмесце Лондана, і мы, не адрываючыся ад вокнаў аўтобуса, стараліся не прапусціць цікавае”. 

“У горадзе нас памясцілі ў гасцініцы “Бернес”, пасля чаго мы накіраваліся аглядаць выстаўку “Ідэальны дом”. Гэты павільён займаў вялікую тэрыторыю, дзе многае выстаўлена, пачынаючы з аднапавярховага дома пры ўсім начынні аж да дробязей, неабходных кожнай гаспадыні. За кароткі час цяжка было ўважліва агледзіць выстаўку, а вось заблудзіць было лёгка, і мы, седзячы ў аўтобусе, не далічыліся аднаго, і ён аказаўся мастаком. І пачаліся непахвальныя заўвагі пра дысцыпліну. Добра яшчэ, што не доўга чакалі заблуднага. Пры яго з’яўленні гнеў змянілі на міласць, але крыху пажурылі. Мастак у сваю чаргу папрасіў прабачэння і абяцаў далей быць добрым прыкладам”. 

Рака Тэмза. 1977 г. К.а. 37х50

“Пасля агляда выстаўкі пайшлі гуляць па Лондане. Вуліцы Лондана добра асветлены гандлёвымі рэкламамі і рэкламамі забаўлівых устаноў, ля якіх стаяць зазывалы, усяляк стараючыся раздабыць наведвальнікаў, а ў вітрынах фотаздымкі давалі не двухсэнсоўнае разуменне пра пацехі, што могуць атрымаць тыя, хто зойдзе. Па добра ілюмінаваных кінарэкламах можна было меркаваць пра тыя жахі, якія можна ўбачыць на экранах Англіі”.

“У час агляду горада і зранку нам удавалася зрабіць замалёўкі і эцюды. Вельмі цікава назіраць, як рана прачынаецца горад, як пачынаюць з’яўляцца першыя машыны, якія развозяць прадукты, і гарадскі транспарт, што прыбірае смецце і палівае вадой вуліцы. А потым раптам вуліцы запаўняюць пешаходы, і промні сонца, прабіваючыся праз шматпавярховыя дамы, абуджаюць яшчэ сонны горад. Але яшчэ крыжу, і горад запаўняецца транспартам і таропкім людам. Дый мы пры ўсім нежаданні спяшаемся скончыць сваю работу, бо пазніцца да сняданка не маем ніякага права. У першую раніцу мы ўтрох аблюбавалі невялікую плошчу, выбралі месца і пачалі маляваць.  На гэтай плошчы з аднаго боку была больніца, з супрацьлеглага - кірха  і амаль побач дом распусты. Мы з таго пачалі кпіць, дый як не кпіць: здаецца ёсць усё, што трэба для выратавання душы і цела. Пасля сняданка паехалі па горадзе, агледзелі шумлівы цэнтр з яго дзелавымі кварталамі, банкам і біржай, гандлёвы цэнтр, Пікадзілі, масты праз Тэмзу, гацічную архітэктуру парламента і шмат  розных помнікаў, якія перад нашымі вачыма мільгацелі. І мы не паспявалі паварочваць галовы, каб нешта ўбачыць”.

Раніца ў Лондане. 1977. П.а. 19х29

“Удзень паехалі глядзець змену варты ля Букінгемскага палаца - рэзідэнцыі каралевы. Да гэтай гадзіны тут збіраецца шмат цікаўнага люду. Цырыманіял змены варты, апранутай гэтак жа, як у Даніі, у чырвоныя мундзіры і чорныя вялікія мядзвежыя капелюшы з ружжамі ў руках, пачынаецца з выезда верхам на цудоўных белых конях, з аркестрам наперадзе. Трэба сказаць, што відовішча сапраўды прыгожае і незабыўнае”.

Лондан. Гайд-парк. 1977. Х.к.м. 20х30

“Праязджалі каля Гайдпарка і Трафальгарскай плошчы. Тут дазваляецца праводзіць мітынгі, можна паслухаць розных прамоўцаў, якія выступаюць з рознымі ідэямі, часам бязглуздымі”.

“Паехалі аглядаць вядомую крэпасць Тауэр, у якой было пакарана шмат каралёў і здраднікаў. Крэпасць добра захавалася, нягледзячы на тое, што пабудавана ў 1078 годзе. У крэпасці агледзелі крывавую вежу, лобнае месца, дзе ў свой час стаяў эшафот, а таксама невялікае памяшканне, у якім цяпер захоўваюць каштоўнасці каралей. Па палацы расстаўлены караульныя салдаты ў той жа форме, што і пры палацы каралевы. Па двары палаца скокаюць з падрэзанымі крыламі восем чорных варонаў, якіх даглядаюць спецыяльна прадстаўленыя так званыя біф-ітэрс, інакш кажучы ялавічына ядучыя. Яны апранутыя ў чырвоныя каптаны і чорныя капелюшы. Паданне сцвярджае, што Тауэр абваліцца і разам з ім Брытанская імперыя, калі знаходзячыеся ў крэпасці вароны  прападуць. Таму калі прападае адна з варонаў, на яе месца знаходзяць іншую. Наогул, шмат чаго бачылі сцены крэпасці, многа тут адбылося трагічных здарэнняў, і на гэтую тэму напісана нямала гістарычных раманаў”.

Кембрыдж. Старая царква.  ХI ст. П.к.а. 19х29   

“Калі выйшлі з крэпасці, то ўбачылі чалавека ў мяху, звязаным ланцугом і вяроўкамі, а побач напаўголага чалавека з мечам у руках, гатовага пратыкнуць звязанага, пасля чаго той лёгка вызваляецца ад ланцугоў і мяха. Аказваецца, такіх вандроўных акцёраў, гастралюючых па лонданскіх вуліцах, шмат, і пры гэтым яны часта перашкаджаюць вулічнаму руху”.

“Ля брытанскага музея мы ўбачылі на тратуары мастака, які маляваў каляровымі крэйдамі - пастэллю розных кошачак ды сабачак, і змяты капялюш, у які прахожыя кідалі дробныя грошы. Наш гід растлумачыў, што гэта бульварныя мастакі, якія часта карыстаюцца дапамогай студэнтаў мастацкіх навучэльняў, нічога агульнага яны не маюць з мастакамі, а проста прайдохі. Магчыма, што і так”. 

Ля Брытанскага музея. 1965. П.а. 50х100   

“Брытанскі нацыянальны музей багаты, у яго зборы шмат каштоўных твораў. Тут мы ўбачылі: Рэмбрант - партрэт “Саскія”, Рубенса, “Мір і вайна” Дэлакруа, Ван Дэйка, Манэ, Веласкеса, Сязана, Манцічэлі - пяць твораў, Гоя, Эль Грэка і шмат іншых. Работы экспанаваны ў адзін рад без усялякага нахілу, святло верхняе, рассеянае і добра назіраецца.У гэтым жа музеі вялікі збор скульптурных твораў Егіпта і Грэцыі ў арыгіналах. І тут жа нам расказалі гісторыю, што адна з мумій ноччу бадзяецца па музеі, быццам сумуе па сваёй радзіме. У выніку гараджане пачалі баяцца хадзіць у музей, і адміністрацыя распарадзілася гэтую мумію схаваць у запаснік музея, дзе яна цяпер і знаходзіцца”. 

“Уражанне ад Лондана ў нас засталося незабыўнае - гэта музей архітэктуры, збор скульптурных помнікаў і народных легенд”.