Дунай
Ён любіў дарогі. У гэтым быў яго характар. У гэтым быў стыль яго жыцця. Дзякуючы гэтаму ён абдумваў і адлюстроўваў свет. Вось чаму такая багатая геаграфія яго эцюдаў. Вось чаму яго ўражанні ад гэтых дарог мы сёння можам бычыць у пленэрных работах, выкананых алівай, акварэллю, алоўкам, вуглем, фламастэрам. У гарадах і краінах, праз якія цячэ Дунай, Яўген Яўстафавіч Красоўскі бываў неаднаразова. Вось толькі некаторыя з эцюдаў, замалёвак і запісаў у дзённіку, зробленых там.
“Наша падарожжа пачалося з Ізмаіла на цеплаходзе “Амур” па блакітным Дунаі. Праўда, трэба сказаць, не зусім блакітным. Вада зеленавата-жоўтая і каламутная. Але рака шырокая, з прыгожымі берагамі, а ў месцах парогаў (катаракты) берагі гарыстыя. Мы, знаходзячыся на палубе, не сумавалі, бо пейзаж мяняўся, і тыя, хто меў фотаапараты, хутка расходвалі фотастужку”.
Дунай. Катаракты. 1960. К.а. 13.5х17
“Насустрач нам па Дунаі часта ішлі судны і загружаныя баржы. Пры сустрэчы нам было прыемна адно аднаго вітаць, а камандаванне цеплахода вітала ўздымам савецкага сцяга і сірэнамі. Праходзячы па Дунаі, наш цеплаход прычальваў да берагоў Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Чэхаславакіі і Аўстрыі”.
“Калі мы прыбылі ў Будапешт, нас чакаў аўтобус, на якім была зроблена экскурсія па горадзе. Горад прынёс нам вялікае ўражанне, дый іначай і быць не магло. Масты, архітэктурныя помнікі старыны, скульптурныя манументы, сучасныя збудаванні спартыўнага стадыёна, вуліцы з вялікім рухам аўтатранспарту. Да ўсяго гэтага мы не маглі быць абыякавымі і з вялікай увагай слухалі гіда, што суправаджаў нас ”.
Браціслава. 1960. К.а. 13.5х17.5
“На зваротным шляху пабылі ў чэхаславацкім горадзе Браціслава. Спыніліся каля вострава Адэ-Кале і на кацеры зрабілі экскурсію на востраў. Ён выдатны тым, што пры падпісанні канвенцыі не ўвайшоў у склад Румыніі і быў некаторы час самастойнай дзяржавай”.
“З Будапешта ў Вену мы прыбылі вечерам і адразу паехалі ў венскі лес, памеры якога - трыццаць на шэсцьдзесят кіламетраў - і знаходзіцца ён на вышыні пяцьсот метраў над узроўнем мора. Мы з вокнаў аўтобуса любаваліся прыгажосцю вячэрняга пейзажа і горнымі ляснымі масівамі”.
Вечар. Рака Дунай. 1960. К.а. 12.5х17.5
Белград. Каля рынку. 1960. К.а. 13х17.5
“Раніцай мы паехалі знаёміцца з Венай, яе гісторыяй і архітэктурай. Горад вялікі, раздзелены на дваццаць чатыры раёна. Рэгуліроўшчыкі ўдзень у цёмных касцюмах, а ноччу апранаюць белыя халаты, пальчаткі і чахол на фуражку. Так вадзіцелям яны лепш бачныя. У горадзе шмат архітэктурных помнікаў у стылі гоцікі і барока”.
Блакiтны Дунай. 1960. К.а. 13х17
Белград. 1960. К.а. 13х17.5
“Вялікае задавальненне ў Белградзе атрымалі пры аглядзе мастацкага музея. Тут мы ўбачылі вялікі збор царкоўнага жывапісу: старажытныя іконы і вялікую колькасць фрэсак - арыгіналаў і копіі, а таксама фотаздымкі царкоўнай архітэктуры, адкуль быў узяты дадзены роспіс. У гэтым жа музеі экспанавана заходнееўрапейскае мастацтва, сучаснае выяўленчае мастацтва Югаславіі. Нас прыемна здзівіў у гэтым музеі невялікі раздзел твораў рускіх мастакоў. Я кажу “прымна”, тому што ў музеях іншых краін мы гэтага не сустракалі. А тут мы ўбачылі творы Дабужынскага, Бенуа, Багданава-Бельскага, Малявіна - “Партрэт бацькі”, Харламава - “Дзяўчынка”, Башкірцава - “Партрэт”, Макоўскага - “Партрэт”, Рэпіна - “Партрэт кампазітара Глінкі” і Кандзінскага - “Пейзаж”.
“Крыху адпачыўшы, паехалі, па запрашэнні турыстычнай фірмы, у дзевятнаццаты раён Вены выпіць па шклянцы свежага віна і паслухаць музыку. У памяшканні, куды мы зайшлі, нас сустрэлі ля ўвахода гаспадар і гаспадыня ў нацыянальных касцюмах. Памяшканне па архітэктуры - у нямецкім стылі мінулага стагоддзя: з камінам, мэбля простая, у цэнтры роспіс. У залах шумна, але наведвальнікі паводзяць сябе прыстойна. Квартэт музыкаў падыходзіць то да аднаго, то да другога стала і выконвае штраусаўскія вальсы. Падыйшлі і да нашага стала. Сыгралі вальс Штрауса”.
Дунай. Даліна. 1955. К.а. 13х17.5
“Раніцай, у нядзельны, ясны, цёплы дзень накіраваліся аглядаць творы жывапісу і скульптуры ў музей. У гэты дзень усе музеі працуюць бясплатна. Творы жывапісу экспанаваныя ў адзін рад. Залы маюць добрае, выгаднае асвятленне для агляду карцін. У першых двух залах мы ўбачылі творы фламандскага жывапісца ХУII стагоддзя /1577-1640/ П.Рубенса. Асабліва спыняе гледача эскіз "Выгнанне апантанага" і "Дама ў футраной накідцы". Гэты твор напісаны на дошцы і пастаўлены асобна на мальберце. Тут жа экспанаваны напісаныя Рубенсам партрэты з вялікай выразнасцю і характарыстыкай і шмат кампазіцыйных твораў з цудоўным пластычным вырашэннем. Зала твораў Ван Дэйка, майстра партрэтнага мастацтва. У зале Брэйгеля затрымліваюць увагу гледача карціны “Сялянскі танец”, “Вяселле”, “Зіма” і іншыя творы. А далей залы Дзюрэра, Кранаха, Гальбэйна, Тэнэрса, некалькі аўтапартрэтаў Рэмбранта, партрэты Франца Хальса. Залы Тыцыяна, Тынтарэта, творы Веласкеса, яго інфанты ў блакітным і ружовым, Рыбейра, Цьепала, Рафаэля і шмат іншых цудоўных твораў. Аглядам музея засталіся задаволены і доўга яшчэ былі пад уражаннем убачанага. Аўстрыя можа ганарыцца, маючы такі збор твораў”.
Германія. Рыбак. 1977. К.а. 40х50