Успаміны

Май Данцыг

мастак

Яўген Яўстафавіч Красоўскі належыў старэйшаму пакаленню мастакоў, асабліва для нас, маладых, што прыехалі ў Беларусь у 60-е гады. І таму мы з вялікай павагай ставіліся і да яго творчасці, і да яго ўзросту. А ён у сваю чаргу прымаў маладых з задавальненнем і вельмі дабразычліва. Мы заўсёды цанілі яго любоў да жывапісу. І ў гэтым дачыненні, я думаю, ён быў варты выказвання Сурыкава, які ў свой час сказаў: “Ёсць жывапіс - мастак, няма жывапісу - не мастак”. Думаю, гэтыя словы можна прыкладаць і да яго творчасці, і да яго поглядаў, і да яго меркаванняў пра работы мастакоў, калі ён прыходзіў на чарговую выстаўку. Ён дзяліў мастакоў на жывапісцаў і нежывапісцаў. І, вядома, аддаваў перавагу тым работам, у якіх былі бачны якасці жывапісу. І я думаю, у сваіх поглядах Яўген Яўстафавіч быў у дачыненні да нашага часу вельмі сучасным. Думаю, мы даўно ўжо на нашых выстаўках засумавалі па добрых узорах цудоўнага жывапісу.

Яўген Яўстафавіч Красоўскі быў заўсёды гатовы да новых пошукаў, да новых адкрыццяў. І калі з’явілася магчымасць зрабіць мануметальны роспіс у былым кінатэатры “Беларусь”, ён узяў для работы не ўласцівы мастаку-станкавісту матэрыял - энкаустыку, манументальную мову жывапісу. І ён быў адным з першых, хто выкарыстаў гэту тэхніку ў манументальным роспісе. 

Яўген Яўстафавіч быў вельмі жвавым, вельмі тэмпераментным, вельмі эмацыянальным чалавекам. І я думаю, тое, што ён любіў жывапіс, гаворыць пра яго як пра сапраўднага мастака, які ўспрыймае свет эмацыянальна, сэрцам і душой.

Віктар Круглянскі

журналіст

Красоўскі ўвесь “у людзях”, як рыба ў луске. Сутрэча з ім заўсёды пераўтвараецца ў свята: так вольна, захоплена, заразліва, думаючы ўслых, не падаўляючы суразмоўцу, а далучаючы да сумеснага роздуму, гаворыць ён сам; так радасна ўмее слухаць, так ненавязліва і прыязна - назіраць. Для яго, думаю, наогул няма нецікавых людзей.  Ён аднолькава аддаецца размове з хлопчыкам (у свае семдзесят год ён арганізуе конкурсы дзіцячых малюнкаў на асфальце), з заўзятым кнігалюбам (лепшыя з “імянных” экслібрысаў у Беларусі створаны ім), з дырыжорам камернага аркестра, з ткачыхай-пенсіянеркай. Малады здольны жывапісец робіць яшчэ першыя крокі ў мастацтве, а Красоўскі ужо піша яго партрэт і пераконвае сяброў паглядзець і ацаніць яго работы. У Мінск прыязджае Вільнюскі дыксіленд - Красоўскі з перекананасцю прафесіянала тлумачыць, што новага, арыгінальнага прынеслі ў савецкі джаз гэтыя музыканты… Кола музычных прыхільнасцяў Красоўскага - ад Палестрыны і Арланда дзі Ласа да Вэбера, Пендэрэцкага, Месіяна. Кола яго літаратурных захапленняў - ад Інесы дэ ла Крус і Ганса Сакса да Кобэ Абэ і Картасара, Мечыслава Яструна і Антані Слонімскага. Ён чытаў Тацыта і Макалея, Грамшы і Швейцэра…

Ведае трыццаць спосабаў прыгатавання кавы і тэхналогію пераплётнай справы. Усё гэта ўваходзіць у яго мастацтва шматлікасцю зацікаўленасцей і асацыяцый, асаблівай духоўнасцю, шчодрай адкрытасцю ў свет.

Красоўскі заўсёды быў добрам мастаком - сумленным, прафесійным, спагадлівым, зацікаўленым. У яго творчасці заўсёды была асаблівая духоўная еднасць, мастакоўская непаўторнасць. Пра яго жывапіс і графіку ўжо ў 50-ых гадах можна было гаварыць “свет Красоўскага”.

Ігар Бархаткоў

мастак

З Яўгенам Яўстафавічам Красоўскім я пазнаёміўся ў 1978 годзе. Гэта была яго апошняя прыжыццёвая выстаўка. Бацька пра яго шмат расказваў і гаворыць:” Ідзём я пакажу табе аднаго надзвычай цікавага майстра”...

Мне спадабаліся ў той час яго маленькія работы. Я быў здзіўлены, што ў маленькай рабоце можна так многа сказаць. Гэта вялікая рэдкасць. Звычайна мастакі ў тыя савецкія часы былі ўслаўлены вялікімі работамі, работамі сацыяльна значнымі, як яны тады называліся. А тут я ўбачыў зусім іншае. Чалавек у маленькім творы, літаральна з далоньку, можа сказаць больш, чым у карціне іншы мастак.

Другі раз мы сустрэліся праз некалькі год. У майго бацькі была персанальная выстаўка. Мы не ведалі, што гэта быў апошні год Красоўскага. Мы яго запрасілі. І я проста вучыўся, як трэба развешваць карціны. Ён іх развешваў, як клаў на палатно фарбы: чырвоную - сюды, а вось гэтую сінюю - сюды. Потым памяняе. А белую карціну - сюды. Ён не раскладваў іх па сценах, ён іх пісаў…

Такіх мастакоў у свеце вельмі мала, як Красоўскі. Гэты выдатны хуткі пэнзаль, імклівы позірк. Нейкі палёт. Выбух. Вельмі рашуча ён высякае форму. Але гэта заўсёды па-сапраўднаму, сур’ёзна, па-мастакоўскі. Ён вельмі смела пісаў.

Ларыса Бортнік

мастацтвазнаўца, галерыст

Яўген Яўстафавіч - вельмі энергічны мастак. Вельмі тэмпераментны. І ўся яго творчасць гаворыць пра тое, што ён такі неўтаймаваны працаўнік. Творца. Штохвілінны. Штогадзінны. Ні воднага моманту свайго жыцця ён не пражыў дарэмна. Тыя паездкі, у якія ён ездзіў па лініі саюза мастакоў (гэта быў час, калі цяжка было трапіць за мяжу). Гэта былі сямідзесятыя гады, калі адкрылася замежжа для творчых людзей. Яўген Яўстафавіч паспяваў напісаць шмат маленькіх эцюдаў, такіх яркіх, такіх сакавітых, вельмі жывапісных. І, вядома, кожны з гэтых эцюдаў з’яўляўся паўнавартасным творам, які характарызуе тую ці іншую краіну, той ці іншы горад. Я ведаю, што многія выязджалі для таго, каб проста паглядзець, пакінуць для сябе асабіста нейкія ўражанні. А Яўген Яўстафавіч спяшаўся занатаваць гэта ўсё для нас. І cёння гэтыя эцюды з’яўляюцца надзвычай вартым матэрыялам.

Ён быў мастак шматгранны. Акрамя жывапісу займаўся графікай. Ён засвоіў розные графічныя тэхнікі. Ён займаўся экслібрысам. Многія прыватныя бібліятэкі, многія вядомыя дзеячы культуры Беларусі, дый не толькі Беларусі маюць у сваёй бібліятэцы такі знак - экслібрыс, выкананы Яўгенам Яўстафавічам.

Ён прыбягаў у Палац вельмі імкліва. Ён заўсёды спяшаўся. Ён паспяваў з усімі пагутарыць. Паспяваў зрабіць нейкія заўвагі. Ён быў павінен абавязкова пра гэта сказаць. Як чалавек ён быў неабыякавы. І вось гэтая актыўная жыццёвая пазіцыя выказвалася і ў яго творчасці.

Я вельмі люблю яго творчасць. Таму што яна гучная, сакавітая. Ён умеў пісаць шырокім пэнзлем надзвычай дробныя дэталі. Вось адзін з сакрэтаў яго майстэрства. Але, дарэчы, ён шмат эксперыментаваў. Ён нават у жывапісу, не выходзячы за межы пэўнага віда мастацтва, па-рознаму пісаў у розныя гады. Часам гэты было вельмі дакладнае адлюстраванне натуры. А часам гэта вельмі вольнае, лёгкае і сваеасаблівае пісанне… Інакш кажучы, у Красоўскага ёсць свой твар, ёсць свой асаблівы каларыт.

Юры Бокач

журналіст

Мая жонка Людміла нарадзілась і частку дзяцінства пражыла ў вёсцы Слабада Бярэзінскага раёна. Іх дом стаяў непадалёк ад рэчкі Бярозы. І да іх два лета запар прыязджаў і здымаў частку дома Яўген Яўстафавіч Красоўскі. Як тады гэта называлася - на дачу. Тут ён хадзіў на эцюды, шмат пісаў. І адзін з яго лепшых і самых славутых пейзажаў “На беразе Бярозы” напісаны менавіта тут і як раз у той час. Тады ж ён напісаў карціну “На дачы”. На ёй маці Люды - Галіна Паўлаўна, старшая сястра Дзіна, Люда  і сын Яўгена Яўстафавіча Саша. Фотаздымак гэтай работы Красоўскі пазней даслаў у сям’ю Люды. І гэтае фота ўвесь час захоўвалася ў сямейным альбоме. Люда мала што памятала пра тое, якім быў тады Красоўскі. Але адно здарэнне ўспамінала. Неяк знайшла яна, пяцігадовая дзяўчынка,на блізкім узлеску маленькі, крывенькі баравік: шляпка набок ды пад’едзена смоўжам. Прынесла на двор. Там шчыруе Красоўскі. Нешта піша. Дала яму грыб і папрасіла: “Намалюй мне такі”. Ён узяў грыб, паклаў побач з палітрай, адшукаў аркуш паперы і хутка намаляваў грыб. Такі ж крывенькі, з пад’едзенай шляпкай. Падаў малюнак Людзе. Яна паглядзела на аркуш. Потым здзіўлена на мастака. Ён спытаў: “Падабаецца?” І яна адказала: “Не”.

… Красоўскі заўсёды быў праўдзівым. І ў жыцці. І ў мастацтве.

Вольга Красоўская

унучка мастака

Я яго памятую і як дзядулю свайго, і як мастака. Хадзіла на яго выставы. І ведала, што ён - добры мастак. А вось як з дзядуляй… у нас былі складаныя адносіны. Мы чамусьці нярэдка спрачаліся і нават сварыліся. Прычым ён са мной сварыўся як з дарослым чалавекам. Я тады не разумела: чаму? А цяпер думаю: ён у многім быў тады, як і я, дзіцём: гэтак жа востра ўспрыймаў усялякую несправядлівасць.

Ён быў надзвычай рухавы. Гэтак жа і памёр, можна сказаць, на бягу. У той дзень, 14 ліпеня 1980 года ён быў на сходзе ў Саюзе мастакоў, потым займаўся будучай паездкай у Крым, затым пайшоў працаваць у сваю майстэрню. Тут мы яго і знайшлі назаўтра.