Выстаўка 1978

Лепшым каментарыям да фотаздымкаў, зробленым на адкрыцці гэтай выстаўкі, будуць радкі, запісаныя Яўгенам Яўстафавічам Красоўскім у ягоным дзённіку. Вось як пісаў пра гэтую сваю юбілейную і, як аказалася, апошнюю прыжыццёвую выстаўку сам мастак.


“16 лістапада 1978 года адкрылася выстаўка мая і графіка С.Геруса ў Палацы мастацтваў. Адкрываў Л.Шчамялеў, першы сакратар Саюза мастакоў БССР. На адкрыцці былі сябры, шмат кветак і віншавнняў. Але на адкрыцці не былі тыя, хто па сваёй пасадзе павінны былі быць. Ну, што ж, не бяда, не так важна. Гэта гаворыць толькі пра культуру.

Агляд выстаўкі скончыўся ў буфеце. Дзве гадзіны мінулі хутка, крыху выпілі і ў дзевяць гадзін былі ўжо дома. Выстаўка праіснавала 25 дзён, наведвальнікаў было шмат, шмат было розных водгукаў, але большасць - добрыя і грунтоўныя, а таксама спрэчныя паміж наведвальнікамі,  з заўвагамі і папраўкамі. Але ўсё як заўсёды: мінае час, і выстаўка закрыта, усё перавезена ў майстэрню і складзена ў штабелі. Не вядома на які тэрмін і які далейшы лёс усёй працы многіх гадоў. Усё гэта нікому не патрэбна, дый сістэма такая, што прадаваць не маю права, і магчымасцяў такіх нямае, акрамя салона, дзе патрэбныя работы, якія вызначае густ абывацеля. Міністэрства з выстаўкі экспертнай камісіяй адабрала сем работ: партрэт беларуса, партрэт Філіповіча, партрэт Платонава, нацюрморт “Грушы”, нацюрморт “Падсвечнік”, інтэр’ер. Грошы за іх - зняважлівыя. Але, відаць, няма куды падзецца, прыдзецца з’есці гэту крыўду. Заява, пададзеная міністру культуры Міхневічу Ю.М., не дапамагла, экспертная камісія засталася пры сваім меркаванні і апеляваць больш няма да каго.

70 гадоў і новыя задачы. Хочацца нечага непадобнага на мінулае, добрага, складанага, прыгожага. А якога - не вядома. Трэба шукаць і шукаць. Трэбы думаць толькі пра мастацтва і пазбавіцца ўплываў і сацыяльных заказаў. Карацей, трэба  працаваць. Адна бяда: жаданняў шмат, а патрэбны яшчэ і магчымасці. Калі глядзіш на творы шматлікіх мастакоў розных эпох, зайздросціш добрай зайздрасцю і дзівішся ўсёй таямнічасці мастацтва”.